1 І адазваўшыся Езус гаварыў ім зноў у прыповесьцях, кажучы:
2 Падобным сталася валадарства нябеснае чалавеку каралю, які справіў вясельле свайму сыну.
3 І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці.
4 Ізноў паслаў іншых слуг, наказваючы: Скажэце запрошаным: «Вось я прыгатаваў абед мой, валы мае й кормнікі зарэзаны ды ўсё гатова; прыходзьце на вясельле».
5 Але яны ня дбалі й пайшлі — хто ў сваю сялібу, а хто да гандлю свайго;
6 другія-ж схапілі слуг ягоных ды, наздзекаваўшыся, пазабівалі.
7 Калі-ж пачуў аб гэтым кароль, загневаўся і, паслаўшы сваё войска, выгубіў гэных забойцаў, а места іх спаліў.
8 Тады кажа слугам сваім: Вясельле-то гатова, адыж прошаныя ня былі дастойны.
9 Дык ідзеце на росстані і каго толькі сустрэнеце, клічце на вясельле.
10 І слугі ягоныя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, благіх і добрых, — і вясельле было поўнае гасьцей.
11 Увайшоў кароль паглядзець на гасьцей і ўбачыў там чалавека няўбранага ў вясельнае адзенне.
12 Дый кажа яму: Як ты, дружа, ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той-жа маўчаў.
13 Тады сказаў кароль слугам: Звязаўшы яму рукі й ногі, выкіньце ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгот зубоў.
14 Многа бо пакліканых, да мала выбраных.
15 Тады фарызэі, адыйшоўшыся, зрабілі нараду, як-бы яго злавіць на слове.
16 І паслалі да яго сваіх вучняў з Гэрэдыянамі, сказаць. Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і на дарогу Божу папраўдзе настаўляеш дый на нікога не зважаеш, бо не аглядаесся на асобу людзкую,
17 дык скажы-ж нам, як табе здаецца, гадзіцца даваць падатак цэзару, ці не?
18 Адыж Езус, пазнаўшы іхні подступ, сказаў: Чаму спакушаеце мяне, крывадушнікі?
19 Пакажэце мне падаткавую манэту. Яны прынясьлі яму дэнара.
20 Кажа ім Езус: Чый гэта воблік і надпіс?
21 Гавораць яму: Цэзараў. Тады сказаў ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае Богу.
22 Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы яго, адыйшлі.
23 У той дзень прыступілі да яго садуцэі, што гавораць: няма згробуўстання, і спыталіся ў яго,
24 кажучы: Вучыцель, Майзей сказаў: «Калі-б хто памёр, ня маючы сына, то брат ягоны хай ажэніцца з яго жонкай ды адродзіць патомства свайму брату» (Паўт. Пр. 25:5).
25 Было-ж у нас сямёх братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму.
26 Гэтаксама другі і трэйці аж да сёмага.
27 А ўканцы пасьля ўсіх памярла й жонка.
28 Дык пры згробуўстанні чыёю з сямёх будзе яна жонкай? Бо-ж усе мелі яе.
29 Езус у адказ гавора ім: Вы мыляецеся, ня ведаючы Пісанняў, ані моцы Божае.
30 Бо пры згробуўстанні ані жэняцца, ані замуж ідуць, а будуць як Божыя анелы ў небе.
31 Дый аб згробуўстанні мяртвых ці-ж вы ня чыталі, што было Богам сказана, які гавора:
32 «Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба»? (Выйсь. 3:6) Ня ёсьць-жа Бог памёршых, але жывых.
33 І, чуючы гэта, дзівіўся народ з навукі ягонай.
34 Фарызэі-ж, пачуўшы, як прымусіў садуцэеў замоўкнуць, сышліся разам
35 і спытаўся яго адзін з іх вучоны ў законе, прабуючы яго:
36 Вучыцель, якое найбольшае прыказанне ў законе?
37 Сказаў яму Езус: «Любі Госпада Бога твайго усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю думкаю тваёю» (Паўт. Пр. 6:5).
38 Гэта ёсьць першае й найбольшае прыказанне.
39 Другое-ж — гэтаму падобнае: «Любі твайго бліжняга, як сябе самога» (Лев. 19:18).
40 На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
41 Калі-ж сышліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус,
42 кажучы: Што вы думаеце аб Хрысьце? Чый ён сын? Кажуць яму: Давідаў.
43 Гавора ім: Дык як-жа Давід у духу заве яго Усеспадарам, кажучы:
44 «Сказаў Госпад майму Усеспадару: сядзі праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1)?
45 Дык калі Давід заве яго Усеспадарам, як-жа ёсьць сынам ягоным?
46 І ніхто ня мог яму адказаць ні слова, і ніхто ня сьмеў адтаго болей у яго пытацца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 22 раздзел. Пераклад П. Татарыновіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.