1 А калі прыбліжаліся да Ерузаліму й прыйшлі да Бэтфагэ пры Аліўнай гары, тады Езус паслаў двух вучняў,
2 кажучы ім: Ідзеце ў сяло, што напроць вас, і знойдзеце зараз прывязаную асліцу, а з ёй асьлянё; адвяжэце й прывядзеце ка мне.
3 А калі-б вам хто што гаварыў, скажэце, што яны патрэбны Усеспадару і зараз пусьціць іх.
4 Гэта ўсё сталася, каб збылося сказанае праз прарока, гаварыўшага (Захар. 9:9):
5 Скажэце дачцэ Сыёнскай: «Вось да цябе йдзе валадар твой ціхі, седзячы на асьліцы й асьляці, сыне пад’ярэмнай».
6 Вучні пайшлі й зрабілі так, як ім загадаў Езус.
7 Прывялі асьліцу й асьлятка, ўзлажылі на іх свае вопраткі, і ўзрыхтавалі яму сесьці вярхом.
8 А грамада вялізарная слала свае вопраткі на дарозе, а другія сьціналі галінкі з дрэваў ды слалі іх на дарозе.
9 Гурма, йшоўшая паперадзе і ззаду, крычала, кажучы: Госанна сыну Давідаваму! Багаслаўлёны, што прыйходзіць у імя Госпадава! Госанна ў высях!
10 І калі ўехаў у Ерузалім, заварушылася ўсё места, гаворачы: Хто гэта?
11 Народ-жа адказваў: Гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага.
12 І ўвайшоў Езус у святыню Божую ды павыганяў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні ды абярнуў сталы спэкулянтаў і рыштунак тых, што галубоў прадавалі;
13 і казаў ім: «дом мой домам малітвы звацімецца, а вы зрабілі з яго прытон разбойнікаў» (Із. 56:7; Ер. 7:11).
14 І прыступілі да яго ў сьвятыні сьляпыя й кульгавыя і ён аздаравіў іх.
15 А першасьвятары і кніжнікі, бачачы дзіва, якое тварыў, ды воклікі дзяцей кажучых: «Госанна сыну Давідаваму!» — абурыліся
16 і сказалі яму: Чуеш, што яны гавораць? Езус-жа кажа ім: Так, ці-ж вы ніколі ня чыталі, што «з вуснаў дзетак і сысункоў Ты ўчыніў хвалу» (Пс. 8:3).
17 І пакінуўшы іх, выйшаў проч з гораду у Бэтанію і там астаўся.
18 А нараніцы, вяртаючыся ў горад, пачуў голад.
19 І ўгледзеўшы пры дарозе адно фіговае дрэва, падыйшоў к яму і, не знайшоўшы на ім нічога, апрача толькі лісьця, сказаў яму: Хай-жа з цябе плод ніколі ня родзіцца навекі! І фіга зараз-жа ссохла.
20 А вучні, ўбачыўшы, дзівіліся й гаварылі: Як-жа хутка яна ссохла!
21 Езус-жа сказаў ім на гэта: Сапраўды кажу вам: калі-б вы мелі веру і ня сумняваліся, ня толькі зробіце гэта з фіговым дрэвам, але калі-б і гэтай гарэ сказалі: «Узніміся й кінься ў мора», — станецца.
22 І ўсё, чаго толькі прасіцімеце ў маліцьве, веручы — атрымаеце.
23 А як прыйшоў у сьвятыню й навучаў, прыступілі да яго вышэйшыя святары і старшыя народу, кажучы: Якою уладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу?
24 Езус, адказваючы, гавора ім: Спытаюся й я ў вас аднаго слова, калі вы мне яго скажаце, дык і я вам скажу, якою уладаю я гэта раблю.
25 Хрост Яна скуль быў, з неба, ці з людзей? Яны-ж мяркавалі сабе:
26 Калі скажам: «З неба», дык ён нам скажа: Чаму-ж вы не паверылі яму? А калі скажам: «З людзей», баязно грамады, ўсе бо мелі Яна за прарока.
27 І ў адказ Езусу сказалі: Ня ведаем. Гавора ім так-жа і ён: І я вам не скажу, якою ўладаю раблю я гэта.
28 А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага, сказаў: Ідзі, сынку, папрацуй сяння ў маім вінаградніку.
29 А той гавора ў адказ: Ня хочу. Потым аднак, раздумаўшыся, пайшоў.
30 І падыйшоўшы да другога, сказаў таксама. Гэтыж, адзываючыся. кажа: Іду, спадарвойча — адыж не пайшоў.
31 Каторы з двух выканаў волю айца? Кажуць яму: Першы. Гавора ім Езус: Сапраўды кажу вам, кунойміты й блудадзейнікі пойдуць перад вамі ў валадарства Божае.
32 Бо прыйшоў да вас Ян шляхом справядлівасьці й вы не паверылі яму, а кунойміты й блудадзеі паверылі яму; вы-ж, бачыўшы гэта, не пакаяліся, каб паверыць яму.
33 Паслухайце другое прыповесьці: Быў чалавек гаспадар, які засадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго земляробам, выехаў.
34 Калі-ж надыйшла пара пладоў, ён паслаў сваіх слугаў да вінаградароў, каб атрымаць свае плады.
35 Але вінаградары, схапіўшы ягоных слуг, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага ўкамянавалі.
36 Ізноў паслаў іншых слугаў, болей чым першых, і з імі зрабілі гэтаксама.
37 Уканцы-ж паслаў да іх сына свайго, кажучы: Ушануюць сына майго.
38 Адыж вінаградары, убачыўшы сына, гавораць адзін другому: Гэта насьледнік, пойдзем, заб’ём яго і будзем мець ягону спадчыну.
39 І схапіўшы яго, выкінулі вон із вінаградніка ды забілі.
40 Калі вось-жа прыйдзе гаспадар вінаградніка, дык што зробіць з тымі вінаградарамі?
41 Кажуць яму: Злыдняў люта выгубіць, а вінаграднік свой аддасьць у арэнду іншым вінаградарам, якія аддавацімуць яму плады ў сваю пору.
42 Кажа ім Езус: Няўжэ ня чыталі вы ніколі ў Пісанні (Пс. 117:22): «Камень, які адкінулі будаўнічыя, той стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася і дзіўна яно ў вачох нашых»?
43 Таму кажу вам: будзе аднята ад вас валадарства Божае і дасцца народу, што творыць плады яго.
44 А хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, і на каго ён упадзе — расчавіць.
45 І калі пачулі ягоны прыповесьці першасьвятары і фарызэі, зразумелі, што гаварыў аб іх.
46 І хацелі схапіць яго, але баяліся гушчаў народу, бо мелі яго за прарока.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 21 раздзел. Пераклад П. Татарыновіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.