Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 21 Паводле Мацвея 21 раздзел

Урачысты ўезд у Ерузалем

1 Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў,
2 кажучы ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.
3 Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх».
4 І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам:
5

«Скажыце дачцэ Сіёна:
вось Кароль твой ідзе да цябе;
лагодны, седзячы на асліцы, на асляняці,
сыне пад’ярэмнай».

6 Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус.
7 Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх свае плашчы, і Ён сеў на іх.
8 І мноства людзей рассцілала свае плашчы на дарозе, іншыя ж зразалі галіны з дрэў і слалі на дарозе.
9 А натоўпы, якія ішлі спераду і за Ім, усклікалі:

«Гасанна Сыну Давіда!
Благаслаўлёны той,
хто прыходзіць у імя Пана!
Гасанна на вышынях!»

10 Калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: «Хто гэта?»
11 А народ адказваў: «Гэта прарок Езус з Назарэта Галілейскага».
Ачышчэнне святыні

12 Езус увайшоў у святыню і прагнаў усіх, хто гандляваў і купляў у святыні, а сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі папераварочваў.
13 Ён сказаў ім: «Напісана: “Дом Мой назавецца домам малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
14 Падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, а Ён аздаравіў іх.
15 Але першасвятары і кніжнікі, калі ўбачылі цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў святыні: «Гасанна Сыну Давіда», абурыліся
16 і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Езус адказаў ім: «Так. Хіба вы не чыталі ніколі: “З вуснаў немаўлят і тых, хто сасе, Ты ўчыніў хвалу”?»
17 Пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Бэтанію і пераначаваў там.
Неўраджайная смакоўніца

18 А раніцай, калі вяртаўся ў горад, адчуў голад.
19 Убачыўшы пры дарозе смакоўніцу, падышоў да яе і нічога, акрамя лісця, на ёй не знайшоў. Тады сказаў ёй: «Няхай з цябе ніколі навекі не будзе пладоў». І смакоўніца адразу засохла.
20 Калі вучні ўбачылі гэта, здзівіліся і сказалі: «Як гэта адразу смакоўніца высахла?»
21 А Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера і не будзе сумненняў, то не толькі зробіце гэта са смакоўніцай, але і калі скажаце гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, збудзецца.
22 І ўсё, чаго папросіце ў малітве з верай, атрымаеце».
Пытанне пра ўладу Езуса

23 Калі Ён прыйшоў у святыню і навучаў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу?»
24 Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно; калі скажаце Мне пра гэта, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта.
25 Адкуль быў Янаў хрост? З неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, то Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?”
26 А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе лічаць Яна прарокам».
27 І сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады і Ён сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».
Прыпавесць пра двух сыноў

28 «Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”.
29 Але той адказаў: “Не хачу.” Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў.
30 Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: “Іду, гаспадару”. І не пайшоў.
31 Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае.
32 Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.
Прыпавесць пра ліхіх вінаградараў

33 Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў.
34 Калі ж наблізіўся час ураджаю, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць свой ураджай.
35 А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі.
36 Той зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае.
37 Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: “Ушануюць сына майго”.
38 Але, убачыўшы сына, вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай”.
39 І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.
40 Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць з гэтымі вінаградарамі?»
41 Адказалі Яму: «Злачынцаў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час».
42 Езус сказаў ім: «Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях:

“Камень, адкінуты будаўнікамі,
стаў галавою вугла.
Пан учыніў гэта,
і дзіўнае яно ў вачах нашых”?

43 Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.
44 І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць».
45 Калі першасвятары і фарысеі пачулі Ягоныя прыпавесці, зразумелі, што Ён гаворыць пра іх.
46 Таму намагаліся схапіць Яго, але баяліся людзей, бо тыя лічылі Яго прарокам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Мацвея, 21 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Мацвея 21 раздзел в переводах:
Мацвея 21 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.