Библия Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея, 23 Паводле Мацвея, 23 глава

Крывадушнасць кніжнікаў і фарысеяў

1 Тады Езус прамовіў да натоўпу і сваіх вучняў:
3 «Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі.
3 Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць.
4 Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх.
5 Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры.
6 Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах,
7 і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх “раббі”.
8 Вы ж не дазваляйце называць сябе раббі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты.
9 І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны.
10 Не дазваляйце таксама называць сябе правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстус.
11 Большы з вас няхай будзе для вас слугою.
12 Бо той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
Гора кніжнікам і фарысеям

13 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі! Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх.
14 [отсутсвует]
15 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго новага верніка. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі!
16 Гора вам, сляпыя павадыры, якія кажаце: “Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны”.
17 Неразумныя і сляпыя! Што большае: золата ці святыня, якая асвячае золата?
18 І зноў: “Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны”.
19 Сляпыя! Што большае? Дар ці ахвярнік, які асвячае дар?
20 Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім.
21 І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй.
22 А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім.
23 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру! Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць.
24 Сляпыя павадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда.
25 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што звонку ачышчаеце кубак і місу, а ўнутры яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці!
26 Сляпы фарысей, спачатку ачысці кубак унутры, каб ён стаў чыстым і звонку.
27 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да пабеленых пахавальняў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці!
28 Так і вы звонку здаяцеся людзям справядлівымі, але ўнутры поўныя крывадушша і беззаконня.
29 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што ўзносіце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце магілы праведнікаў,
30 кажучы: “Калі б мы жылі ў дні айцоў нашых, то не былі б саўдзельнікамі ў праліцці крыві прарокаў”!
31 Так вы сведчыце супраць саміх сябе, што вы сыны тых, хто забіваў прарокаў.
32 Дапоўніце ж меру сваіх айцоў.
33 Вужы, пакаленне змяінае, як вы пазбегнеце прысуду да геены?
34 Таму Я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў. Адных з іх вы пазабіваеце і ўкрыжуеце, а другіх будзеце бічаваць у сінагогах сваіх і будзеце гнаць з горада ў горад.
35 Так упадзе на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі паміж святыняй і ахвярнікам.
36 Сапраўды кажу вам: усё гэта ўпадзе на гэтае пакаленне.
Напамін для Ерузалема

37 Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае пад крыламі птушанят сваіх, але вы не захацелі!
38 Вось, застаецца вам дом ваш пусты!
39 Бо кажу вам: адгэтуль не ўбачыце Мяне, пакуль не ўсклікнеце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”»
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Мацвея, 23 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Иоанна Златоуста
  12. Толкование Феофилакта Болгарского
  13. Новый Библейский Комментарий
  14. Лингвистический. Роджерс
  15. Комментарии Давида Стерна
  16. Ветхий Завет в Новом
  17. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.