Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Мацьвея 23 Паводле Мацьвея 23 раздзел

1 Тады Ісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,
2 кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысэі;
3 дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабеце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабеце, бо яны гавораць, і ня робяць:
4 зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх;
5 а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі свае ды павялічваюць кутасы на адзеньні сваім;
6 а таксама любяць узьляжаць наперадзе на гасьцінах, і наперадзе сядзець у сынагогах,
7 і вітаньні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: «Настаўнік! настаўнік!»
8 А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос, а ўсе вы — браты;
9 і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;
10 і не называйцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстос.
11 Большы з вас хай будзе вам слуга:
12 бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца.
13 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, ня пускаеце ўвайсьці.
14 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большую асуду.
15 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.
16 Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: «калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты».
17 Неразумныя і сьляпыя! што большае: золата, ці храм, які асьвячае золата?
18 і: «калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты».
19 Неразумныя і сьляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асьвячае дар?
20 Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;
21 і той, што прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;
22 і той, хто прысягае небам, прысягае тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
23 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну зь мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
24 Павадыры сьляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
25 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць кубка і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя пахапнасьці і няпраўды.
26 Фарысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну кубка і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхняя.
27 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касьцей мёртвых і ўсякага бруду;
28 так і вы зьнешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.
29 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магільніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам.
30 і кажаце: «калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнімі ў праліваньні крыві прарокаў»;
31 тым самым вы самі сьведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;
32 дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.
33 Зьмеі, выродзьдзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэньня ў геену?
34 Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых зь іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад;
35 каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.
36 Праўду кажу вам: усё гэта ападзе на род гэты.
37 Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменьнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
38 Вось, застаецца вам дом ваш пусты.
39 Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня, пакуль ня ўсклікнеце: «дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце, 23 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Мацьвея 23 раздзел в переводах:
Мацьвея 23 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.