ПРАМОВА ДА ВУЧНЯЎ
Хто большы?
1 У тую гадзіну падышлі вучні да Езуса, кажучы: «Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным?»
2 Тады Езус паклікаў дзіця, паставіў яго сярод іх
3 і сказаў: «Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
4 Таму той, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным.
5 І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.
Спакуса
6 А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні.
7 Гора свету праз спакусы, бо спакусы павінны прыйсці; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць спакуса!
8 Калі ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё аднарукім ці кульгавым, чым з абедзвюма рукамі ці абедзвюма нагамі быць кінутым у вечны агонь.
9 І калі цябе спакушае тваё вока, вырві яго і адкінь ад сябе. Лепш табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым з двума вачыма быць кінутым у геену вогненную.
10 Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах.
11 [отсутсвует]
Прыпавесць пра заблукалую авечку
12 Як вы думаеце? Калі ў нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала?
13 Калі ж удасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.
14 Так няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з тых малых.
Братэрскі напамін
15 Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата.
16 Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова.
17 Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік.
18 Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе.
Супольная малітва
19 Сапраўды таксама кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах.
20 Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх».
Абавязак прабачэння
21 Тады Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?»
22 Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў».
Прыпавесць пра бязлітаснага даўжніка
23 Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі.
24 Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў.
25 Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.
26 Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: “Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам”.
27 Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг.
28 А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен!”
29 Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: “Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе”.
30 Аднак той не захацеў, але пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.
31 Ягоныя сабраты, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.
32 Тады гаспадар паклікаў яго і сказаў: “Нягодны слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне.
33 Ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?”
34 І, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго катам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу.
35 Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму».
Евангелле паводле святога Мацвея, 18 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.