ЦУДЫ ЕЗУСА
Аздараўленне пракажонага
1 Калі Езус сышоў з гары, следам за Ім пайшло мноства людзей.
2 І вось, падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
3 Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І той адразу ачысціўся ад праказы.
4 Езус сказаў яму: «Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які наказаў Майсей, на сведчанне ім».
Аздараўленне слугі сотніка
5 Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго,
6 кажучы: «Пане, слуга мой ляжыць дома паралізаваны і цяжка пакутуе».
7 Езус сказаў яму: «Я прыйду і вылечу яго».
8 Сотнік жа адказаў: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
9 Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць, а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
10 Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў за Ім: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры.
11 Кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.
12 А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру, там будзе плач і скрыгатанне зубоў».
13 І сказаў Езус сотніку: «Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе». І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
Аздараўленні ў доме Пятра
14 Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы.
15 Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна ўстала, і прыслужвала ім.
16 Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых,
17 каб збылося сказанае прарокам Ісаем:
«Ён узяў на сябе нашую слабасць
і панёс нашыя хваробы».
Следаванне за Хрыстом
18 Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг.
19 Тады адзін кніжнік падышоў і сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
20 А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву».
21 Другі ж з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго».
22 А Езус сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых».
Суцішэнне буры
23 Калі ўвайшоў у човен, былі з Ім Ягоныя вучні.
24 І вось, пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў.
25 Падышоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Пане, ратуй, мы гінем!»
26 А Ён сказаў ім: «Чаго вы спалохаліся, малаверныя?» Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору, і настала вялікая ціша.
27 А людзі дзівіліся і казалі: «Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»
Выгнанне злых духаў
28 Калі Езус прыплыў на другі бераг, у край гадарэнаў, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магільных пячор, двое апанаваных злымі духамі, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай.
29 Яны закрычалі: «Што Табе да нас, Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды заўчасна мучыць нас?»
30 Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней.
31 І злыя духі прасілі Яго, кажучы: «Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней».
32 Ён сказаў ім: «Ідзіце». Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. Тады кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе.
33 А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апанаваных злымі духамі.
34 Увесь горад выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.
Евангелле паводле святога Мацвея, 8 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.