Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Мацьвея 8 Мацьвея 8 раздзел

1 Калі ж Ён зыйшоў з гары, пайшлі за Ім шматлікія натоўпы.
2 І вось пракажоны, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
3 І, працягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго, кажучы: «Хачу, будзь ачышчаны». І ён адразу ачысьціўся ад праказы сваёй.
4 І кажа яму Ісус: «Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі, пакажыся сьвятару і прынясі дар, які загадаў Майсей дзеля сьведчаньня ім».
5 Калі ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго
6 і кажучы: «Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны і страшэнна мучыцца».
7 І кажа яму Ісус: «Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго».
8 І, адказваючы, сотнік прамовіў: «Госпадзе! Я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
9 Бо і я чалавек, які пад уладаю, ды маю пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, і ён робіць».
10 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, якія за Ім ішлі: «Сапраўды кажу вам, нідзе ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры.
11 Кажу ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і ўзьлягуць з Абрагамам, і Ісаакам, і Якубам у Валадарстве Нябесным,
12 а сыны Валадарства будуць выгнаныя ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў».
13 І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як ты паверыў, станецца табе». І паздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
14 І, прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы.
15 І Ён дакрануўся да рукі ейнай, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала, і паслугавала ім.
16 Калі ж надыйшоў вечар, прывялі да Яго шмат апанаваных дэманамі, і Ён выгнаў духаў словам, і ўсіх хворых аздаравіў,
17 каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў нашыя нядужасьці і панёс хваробы».
18 Убачыўшы ж навокал Сябе шматлікія натоўпы, Ісус загадаў адыйсьці на другі бок.
19 І, падыйшоўшы, адзін кніжнік сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
20 І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву схіліць».
21 А іншы з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Госпадзе! Дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго».
22 Ісус жа сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых».
23 І калі ўвайшоў Ён у човен, пайшлі за Ім вучні Ягоныя.
24 І вось, сталася вялікае ўзрушэньне на моры, так што хвалі залівалі човен, а Ён спаў.
25 І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе! Збаў нас, мы гінем!»
26 І кажа ім: «Чаго вы палохаецеся, малаверы?» Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася вялікая ціша.
27 А людзі зьдзіўляліся, кажучы: «Хто ж Ён, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»
28 І, калі Ён прыйшоў на другі бераг у край Гергесэнскі, перанялі Яго двое апанаваных дэманам, якія выйшлі з магілаў, страшэнна злыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.
29 І вось яны закрычалі, кажучы: «Што нам і Табе, Ісусе, Сыне Божы? Ці Ты прыйшоў сюды перад часам мучыць нас?»
30 Далёка ж ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў.
31 А дэманы прасілі Яго, кажучы: «Калі нас выганяеш, дазволь нам адыйсьці ў гэты гурт сьвіньняў».
32 І Ён сказаў ім: «Ідзіце». І тыя, выйшаўшы, адыйшлі ў гурт сьвіньняў. І, вось, рынуўся ўвесь гурт сьвіньняў са стромы ў мора, і загінуў у вадзе.
33 А тыя, што пасьвілі, уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваныя дэманам.
34 І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб зыйшоў ад межаў іхніх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Мацьвея, 8 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Мацьвея 8 раздзел в переводах:
Мацьвея 8 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.