Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Мацьвея, 15 Мацьвея, 15 глава

1 Тады прыходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысэі, кажучы:
2 «Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб».
3 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых?
4 Бо Бог загадаў, кажучы: “Шануй бацьку твайго і маці”, і: “Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ”.
5 А вы кажаце: “Калі хто скажа бацьку або маці: 'Дар [Богу] тое, чым ты ад мяне карыстаўся',
6 той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю”. І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых.
7 Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы:
8 “Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.
9 Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”».
10 І, паклікаўшы натоўп, сказаў ім: «Слухайце і разумейце:
11 Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека».
12 Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, казалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?»
13 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана.
14 Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму».
15 Пётар жа, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам прыповесьць гэтую».
16 А Ісус сказаў: «Няўжо і вы такія няцямкія?
17 Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч?
18 А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека.
19 Бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.
20 Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».
21 І, выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону.
22 І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: «Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!»
23 А Ён не адказаў ёй ані слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі».
24 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі».
25 А яна, прыйшоўшы, пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе! Дапамажы мне».
26 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».
27 А яна сказала: «Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх».
28 Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: «О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш». І была аздароўленая дачка ейная з тае гадзіны.
29 І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там.
30 І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх каля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх,
31 так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля.
32 А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў: «Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе».
33 І кажуць Яму вучні Ягоныя: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?»
34 І кажа ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і некалькі рыбак».
35 І Ён загадаў натоўпам узьлегчы на зямлі.
36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — натоўпу.
37 І елі ўсе, і наеліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў поўных.
38 А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей.
39 І, адпусьціўшы натоўп, Ён увайшоў у човен і прыйшоў у ваколіцы Магдалы.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Мацьвея, 15 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Иоанна Златоуста
  12. Толкование Феофилакта Болгарского
  13. Новый Библейский Комментарий
  14. Лингвистический. Роджерс
  15. Комментарии Давида Стерна
  16. Ветхий Завет в Новом
  17. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.