КАЗАННЕ НА ГАРЫ
1 Убачыўшы натоўп, Езус узышоў на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя.
2 І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:
Благаслаўленні
3 «Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
4 Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны.
5 Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
6 Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны.
7 Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.
8 Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9 Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі.
10 Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
11 Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне.
12 Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі.
Соль зямлі і святло свету
13 Вы соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.
14 Вы святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары.
15 І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме.
16 Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.
Выкананне Закону
17 Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць.
18 Бо сапраўды кажу вам: пакуль не міне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не зменіцца ў Законе, пакуль не збудзецца ўсё.
19 Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.
20 Бо кажу вам, калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Не забівай. Суд і паяднанне
21 Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, падлягае суду.
22 А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду. Хто ж скажа брату свайму “рака”, падлягае Сінэдрыёну, а хто скажа “неразумны”, падлягае геене вогненнай.
23 Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе,
24 пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар.
25 Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу.
26 Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.
Чужалоства і развод
27 Вы чулі, што сказана: “Не чужалож”.
28 А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сваім сэрцы.
29 Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену.
30 І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену.
31 Сказана: “Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст”.
32 А Я кажу вам: кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да чужалоства, а хто ажэніцца з разведзенаю, той чужаложыць.
Прысяга
33 Вы чулі, што сказана было продкам: “Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае”.
34 А Я кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы;
35 ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля.
36 Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным.
37 Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.
Адплата
38 Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”.
39 А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую.
40 Калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч.
41 І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве.
42 Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.
Любоў да ворагаў
43 Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”.
44 А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас,
45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
46 Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі?
47 І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?
48 Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.
Евангелле паводле святога Мацвея, 5 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.