Зноскі:
1 У Нагорнай навуцы Езус разьвівае сваю навуку аб каралеўстве або валадарстве Божым: наўперад падае, хто можа да яго належаць, потым які будзе характар гэтага валадарства і якія яго асновы; побач з гэтым Езус абвяшчае рэлігійна-этычную праграму Новага Закону.
3 Убогія духам — гэта тыя людзі, каторыя ня прывязаны да багацьця гэтага сьвету і якія імкнуцца да ўбогасьці ў душы і сэрца свайго.
4 Пад словам зямля тут трэба разумець «шчасьце», якое Бог прыгатовіў для сваіх слугаў, а гэтым шчасьцем ёсьць каралеўства Божае. Наагул у кожным багаславенстве Хрыстус абяцае гэтае каралеўства, толькі кожны раз пад іншым вобразам і ў іншай форме (тут у форме «зямля»).
5 Плач тутака азначае боль душы з прычыны сваіх уласных грахоў або дзеля цярпеньняў, якія Бог дае людзям. Жыды ў той час думалі, што разам з каралеўствам Мэсыяша настане заўсёдная радасьць і ўцеха, а Езус Хрыстус кажа, што будзе і плач, але гэты плач будзе ўцешаны.
6 Як галодны хоча есьці і ўсьмягшы піць, так сапраўдныя вучні Хрыстовы павінны імкнуцца да справядлівасьці і яны гэтай справядлівасьцяй будуць насычаны ў каралеўстве Божым.
10 Жыды думалі, што ў каралеўстве Хрыстовым будзе толькі панаваньне і ня будзе ніякага прасьледу і цярпеньня. Хрыстус прастуе гэты памылковы пагляд і кажа, што прасьлед будзе і то нават дзеля Яго і ягонай навукі. Але толькі прасьлед дзеля справядлівасьці і Хрыста будзе мець нагароду ў каралеўстве нябесным.
13 Як соль бароніць ад гніцьця і папраўляе ежу, таксама і вучні Хрыста павінны сваім жыцьцём і навукай бараніць людзей ад сапсуцьця. Калі-ж соль страціць сваю сілу («зьвятрэе»), то ўжо няма чым яе насаліць. Гэтаксама, калі вучні Хрыстовы сапсуюцца, то хто іх паправіць?
14 Вучань Хрыстуса павінен быць сьвятлом, навукай і цяплынёй для іншых людзей.
16 Як ня можа скрыцца горад, паложаны на гарэ, таксама ня можа скрыцца чалавек, пастаўлены на высокім становішчы. Яго жыцьцё і чыны заўсёды будуць на вачах у людзей і затым чыны ягоны павінны быць заўсёды добрыя.
19 Будзе найменшым г. зн. займе адно з апошніх мясцоў у небе, але ня будзе асуджаны на вечную кару ў пекле, бо справа датычыць малога прадпісаньня.
20 Адно толькі зьверхняе выпаўненьне Закону, так як гэта было ў кніжнікаў і фарызэяў, ня будзе мець у Бога ніякага значэньня. Бог вымагае рэлігіі душы і сэрца.
22 Не аб гневе прыпадковым і пераходным гаворыць тут Хрыстус, але аб вялікім і трывалым, які пераходзіць у ненавісьць і ёсьць прычынай розных грахоў, як забойства, фальшывае сьведчаньне і іншых. Забараняючы такога гневу, Езус ставіць перашкоды і іншым грахом, якія выплываюць з гневу.
Пад словам «нягоднік» трэба разумець зьнявагу абдуманую, выплываючую з гневу і ненавісьці.
Слова «бязбожнік» азначае тут найгоршага чалавека, які паўстае проціў Бога і ягоных правоў. Палічыць свайго бліжняга за найгоршага мы ня маем права і дзеля гэтага Хрыстус гразіць такой вялікай карай.
25 У Ст. Законе праціўнік, г. зн. чалавек несправядліва пакрыўджаны, мог зьвярнуцца ў суд і пакараць крыўдзіцеля, дзеля гэтага было рэчай карыснай ужо ў дарозе ў суд пагадзіцца з ім. Дарога азначае тут нашае зямное жыцьцё. Судзьдзёю ёсьць Бог.
29 Хрыстус тут павучае, што трэба адкінуць усялякаю рэч ці асобу ад сябе, калі тая рэч ці асоба ўводзіць чалавека ў грэх, горшыць, хоць-бы яна была для чалавека такая дарагая, як вока або рука. Ня вучыць тут Хрыстус, каб мы сапраўды адсякалі сабе руку або вырывалі вока, бо калечыць сябе ня можна.
31 Стары Закон дазваляў у некаторых выпадках на поўны развод, але Хрыстус забараняе гэтага. У выпадку чужалоства з боку аднаго з пажэненых, Хрыстус дазваляе на разлучэньне г. зн. на разыход і аддзельнае жыцьцё чужаложных: жонкі або мужа. Для будучых у разлучэньні (сэпарацыі) другое жанімства забаронена.
32 У гэтым радку Хрыстус уважае чужалоства жонкі за прычыну да разлучэньня, а не разводу, гэта відаць ясна, раўнуючы гэты тэкст з Мк. 10:11; Лк. 16:18; 1 Кар. 7:10-11; Рымл. 7:23.
34 Хрыстус забараняе прысягаць бяз важнай прычыны; калі-ж важныя прычыны вымагаюць сьцьверджаньня праўды (напр. у судзе), то тады прысяга дазволена. Прысяга — гэта ёсьць пакліканьне Бога на сьведку, што мы гаворым праўду.
37 Мова нашая павінна быць справядлівая бяз лішніх слоў, прысяганьня або бажбы.
38 Гэтыя словы Старога Закону (Выхаду 21:24) былі пададзены не як правіла паступаньня для ўсіх людзей, але як правіла для народных судзьдзяў, якія паводле гэтага правіла мелі судзіць і аддаваць «вока за вока і зуб за зуб». Хрыстус касуе гэтае правіла і ў далейшых радкох вобразна прадстаўляе спосабы паступаньня кожнаго хрысьціяніна, які павінен высьцерагацца гэтага старазаконнага правіла, вядучага да помсты.
39 Хрыстус не забараняе змагацца са злом, але забараняе спрачацца з злым чалавекам і спаганяць на ім злосьць або, інакш кажучы, шукаць аказіі да старазаконнай помсты. Наадварот, хрысьціяне павінны быць справядлівымі да ўсіх і нават адплачваць дабром за зло. У гэтым значэньні і трэба тут разумець настаўляньне другое шчакі. Бо і Хрыстус, калі перад Аннашам быў удэраны па шчацэ (Ян 18:23) то спытаўся «нашто мяне б'еш?» Гэтак рабіў і сьв. Павал (Ап. Дз. 23:3).
40 Дзеля згоды і супакою Хрыстус загадывае ўступаць бліжнім з сваіх правоў, аднак не забараняе цалком дахадзіць гэтых правоў перад судом. Забараняе толькі старазаконнае помсты, якая вяла нават да праліцьця крыві і непатрэбнай цяганіны па судох.
41 Тут гутарка аб ведамых тагачасных урадавых ганцох, якіх высылалі пэрсідзкія і рымскія ўлады і якія прымушалі ісьці з імі і спаўняць розныя загады.
43 Загад, каб ненавідзець ворага, увялі рабіны, апіраючыся на тых мясцох Ст. Закону, у каторых гаворыцца аб іншых адносінах да жыда, а іншых да чужынца.
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 5 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.