2 Пасху жыды абходзілі дня 14 месяца Нізан (панашаму другая палавіна сакавіка і першая палавіна красавіка) на памятку выбаўленьня з Эгіпту. Галоўнай урачыстасьцяй Пасхі была вячэра, у час каторай елі вялікоднага баранчыка і праснакі (прэсныя хлябы, — званыя «маццот» — згэтуль «маца»). На другі дзень, 15 Нізан, было асобнае сьвята «Праснакоў», каторыя жыды павінны былі есьці праз 7 дзён, высьцерагаючыся ўсяго квашанага. Пасхай называлі часта ня толькі вячэру, але і сьвята «Праснакоў».
Пасха ў тым годзе была перанесена на суботу, 16 Нізан.
3 Прычынай скліканьня надзвычайнага паседжаньня Рады быў, відаць, тыумфальны ўезд Езуса ў Ерузалім.
6 Бэтанія ляжала каля 3 кіломэтраў на ўсход ад Ерузаліму.
7 Гэта была Марыя, сястра Марты і Лазара. Тады быў такі звычай, што гасьцям крапілі або памазвалі галаву пахнючым алейкам і чым дастойнейшы быў госьць, тым шчадрэйшае было памазаньне або крапленьне.
9 Апосталы, апроч Юдаша, шчыра думалі аб убогіх. Яны бачылі, што Езус вядзе жыцьцё ўбогае, загадывае даваць на ўбогіх і думалі, што гэтае «марнатраўства» — як яны казалі — Хрыстусу не падабаецца. Аднак Хрыстус прастуе іхны памылковы пагляд і бярэ пад сваю абарону жанчыну і яе добры ўчынак.
14 Юдаш быў родам з сяла Карыёту, якое ляжыць у Юдэі, дзеля гэтага і завецца Іскарыётам.
15 Юдаш добра ведаў, што старшыя толькі шукаюць аказіі, каб узяць Езуса, дык сам ідзе да іх і абяцае ім за грошы выдаць Сына Божага і свайго Вучыцеля. Прагавітасьць на грошы робіць з яго найбольшага здрадніка спаміж людзей.
Сярэбранік жыдоўскі (шэкель) быў варт каля 8 зал.
21 Хрыстус хацеў паказаць праз гэтыя словы, што ўсё ведае і гэтым самым хоча напомніць Юдаша, каб ён пакаяўся і навярнуўся, а вучняў сваіх хоча павучыць, каб не падалі духам, бо нічога не даецца без яго веды і волі.
24 «Мачае са мною руку ў місу» — значыць, блізкі, хатні прыяцель і субяседнік.
28 Хоць Езус праліў сваю кроў за ўсіх людзей, то ня ўсе людзі з яе карыстаюцца, але многія.
29 Новы «келіх» радасьці будзе піць Хрыстус у каралеўстве Айца свайго.
30 Было гэта каля гадзіны 9 увечары. У апошніх днях свайго жыцьця Езус часта прабаваў на Аліўнай гарэ. Юдаш ведаў аб гэтым.
33 У той час Пётр сапраўды гатоў быў ісьці нават на сьмерць за сваім Вучыцелем, але ня браў ён тады пад увагу зьменнасьці людзкое натуры. Дык прыраканьне ягонае было неразважнае і лёгкадумнае.
39 Келіх часта азначаў у сьв. Пісаньні цярпеньні і муку. Хрыстус, молячыся, даў нам прыклад, як мы маем маліцца, здаючыся на волю Бога.
48 Рымскія жаўнеры ня зналі Хрыстуса, дык Юдаш умаўляецца з імі, што гэта будзе той, каторага ён пацалуе. Цалаваньне сваіх вучыцялёў на знак пашаны было прынятым у жыдоў. Апроч рымскіх жаўнеараў былі яшчэ жыдоўскія і слугі архісьвятараў, узброеныя ў мячы і кіі.
51 Стаў у абароне Хрыстуса Сымон-Пётр.
61 Паводле Майсеявага Закону да правамочнасьці прысуду трэба было прынамся двох сьведкаў, якія-б згодна пасьвечылі проціў абвінавачанага ў дакананым паступку.
Хрыстус не казаў гэтых слоў аб сьвятыні ерузалімскай, толькі аб сьвятыні цела свайго (гл. Ян. 2:19-21).
64 «Ты сказаў» — гэта ёсьць урачысты жыдоўскі спосаб пацьвярджэньня таго, што пыталася. Хрыстус дагэтуль маўчаў, бо ведаў, што ягона сьмерць ужо пастаноўлена, а толькі шукаюць прычыны. Цяпер-жа, калі Каіфаш зьвярнуўся да яго з пытаньнем, вымагаючы, каб пад прысягай сказаў, ці ён ёсьць Хрыстус (Мэсыяш), Сын Божы, Хрыстус прарывае сваё маўчаньне і прад усім Сангэдрынам сьцьвярджае, што ён ёсьць Хрыстус, Сын Божы.
Воблак у Ст. Законе азначаў трон Божы.
65 Разьдзіраньне адзежы ў жыдоў было знакам гневу, жалю або вялікага болю. Адзежу разьдіралі каля шыі на грудзёх згары ўніз на якую пядзю.
67 Пляваньне на твар было знакам найгоршай пагарды. Відаць, што некаторыя сябры Сангэдрыну самі плявалі на твар Хрыстовы, ужо не гаворачы аб слугах і жаўнерах.
73 Гаворка ў Галілеі была іншай, чым у Ерузаліме.
74 Было гэта другое пяяньне пеўня, значыць каля гадзіны 3 нараніцы.
75 І сапраўды, была прычына да плачу. Бо хоць Пётр адрокся ад Хрыста са страху перад асуджэньням і сьмерцяй, то ўсёжтакі адрачэньне ад знаёмства з Хрыстом дый яшчэ пад прысягай, было вялікім грэхам. Аднак Пётр ня страціў веры і любові да свайго Вучыцеля — і гэта вера і любоў прывядзець яго праз слёзы і пакуту ізноў да Хрыста.