Біблія » Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 26 Матфея 26 раздзел

1 І сталася: калі Ісус закончыў усе гэтыя словы, Ён сказаў Сваім вучням:
2 Вы ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне.
3 Тады першасвятары, [кніжнікі] і старэйшыны народа сабраліся ў двор першасвятара, званага Каіафа,
4 і змовіліся хітрасцю схапіць Ісуса і забіць.
5 Але казалі: Толькі не ў свята, каб не ўзнікла замяшанне ў народзе.
6 Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона-пракажонага,
7 падышла да Яго жанчына з алебастравым флаконікам шматкаштоўнага міра і выліла Яму на галаву, калі Ён узлягаў.
8 А вучні, убачыўшы гэта, абурыліся, кажучы: «Навошта гэтая трата?
9 Бо можна было б гэта [міра] дорага прадаць і даць убогім.
10 Але Ісус, даведаўшыся, сказаў ім: Навошта робіце прыкрасць жанчыне? Добры ж учынак яна зрабіла для Мяне;
11 бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою; а Мяне не заўсёды маеце;
12 бо, выліўшы гэтае міра на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне да пахавання.
13 Сапраўды кажу вам: дзе ні будзе прапаведана гэтае Дабравесце на цэлым свеце, будзе сказана і пра тое, што зрабіла яна, на ўспамін пра яе.
14 Тады адзін з дванаццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоўшы да першасвятароў,
15 сказаў: Што вы хочаце даць мне, і я вам выдам Яго? — І яны вызначылі яму трыццаць срэбранікаў80.
16 І з таго часу ён шукаў зручнага моманту, каб выдаць Яго.
17 А ў першы [дзень] Праснакоў вучні падышлі да Ісуса, кажучы [Яму]: Дзе Ты хочаш, каб мы падрыхтавалі Табе спажыць пасху?
18 Ён жа сказаў: Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: «Настаўнік кажа: «Мой час блізкі; Я з Маімі вучнямі спраўлю пасху ў цябе».
19 І вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
20 Калі ж звечарэла, Ён узлёг з дванаццаццю.
21 І калі яны елі, Ён сказаў: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне.
22 І яны, моцна засмуціліся, кожны з іх пачаў казаць Яму: Не я ж, Госпадзе?
23 А Ён сказаў у адказ: Той, хто апусціў са Мною руку ў місу, гэты выдасць Мяне.
24 Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; добра было б таму чалавеку, калі б ён не нарадзіўся.
25 У адказ жа Іуда, што выдаваў Яго, сказаў: Ці не я, Равві? — Ён кажа яму: Ты сам гэта сказаў.
26 А калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў яго і, даўшы вучням, сказаў: Вазьміце, ешце, гэта Маё цела.
27 І, узяўшы чашу і ўзнёсшы падзяку, падаў ім, кажучы: Піце з яе ўсе;
28 бо гэта Мая Кроў [Новага] Запавету, што за многіх праліваецца дзеля даравання грахоў.
29 Але кажу вам, што з гэтага часу не буду піць ад гэтага плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць новае віно з вамі ў Царстве Майго Бацькі.
30 І, праспяваўшы гімн81, яны пайшлі на Аліўную гару.
31 Тады Ісус кажа ім: Усе вы зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «Удару пастыра, і рассыплюцца авечкі чарады».
32 Але пасля таго, як буду Я ўваскрэшаны, Я апярэджу вас у Галілеі.
33 У адказ жа Пётр сказаў Яму: Калі і ўсе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся.
34 Ісус сказаў яму: Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым праспявае певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне.
35 Кажа Яму Пётр: Нават калі мне трэба будзе памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. — Падобна і ўсе вучні сказалі.
36 Тады Ісус прыходзіць з імі на месца, званае Гефсіманіяй, і кажа вучням: Пасядзіце тут, пакуль Я пайду і там памалюся.
37 І, узяўшы Пятра і двух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і тужыць.
38 Тады Ён кажа ім: Смуткуе Мая душа да смерці, застаньцеся тут са Мною і не спіце.
39 І, прайшоўшы трошкі далей, упаў Сваім тварам, молячыся і кажучы: Татухна Мой, калі можна, няхай абміне Мяне гэтая чаша; але не як Я хачу, а як Ты.
40 І Ён прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Вы так не змаглі адной гадзіны патрываць са Мною, каб не спаць.
41 Не спіце і маліцеся, каб не ўвайсці ў спакусу. Дух дзейны, а цела нядужае.
42 Зноў, адышоўшыся другі раз, памаліўся, кажучы: Татухна Мой, калі не можа абмінуць [Мяне] гэтая [чаша], каб Мне не піць яе, няхай здзейсніцца Твая воля.
43 І, прыйшоўшы, зноў знайшоў, што яны спяць: бо вочы іх ацяжэлі.
44 І, пакінуўшы іх, Ён зноў адышоў і памаліўся трэці раз, зноў сказаўшы тое самае слова.
45 Тады Ён прыходзіць да [Сваіх] вучняў і кажа ім: Вы ўсё яшчэ спіце і адпачываеце; вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
46 Уставайце, хадзем, вось наблізіўся той, хто Мяне выдае.
47 І, калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Іуда, адзін з дванаццаці, і з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасвятароў і старэйшын народу.
48 А той, хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, Ён і ёсць; схапіце Яго».
49 І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: Радуйся, Равві, — і пацалаваў Яго.
50 А Ісус сказаў яму: Дружа, чаго ты прыйшоў? — Тады яны падышоўшы, наклалі рукі на Ісуса і схапілі Яго.
51 І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, працягнуўшы руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы першасвятаровага раба, адсек яму вуха.
52 Тады Ісус кажа яму: Вярні свой меч на яго месца; бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча загінуць.
53 Ці думаеш, што Я не магу ўпрасіць Майго Бацьку і Ён не выставіць Мне цяпер больш за дванаццаць легіёнаў Анёлаў?
54 Дык як жа спраўдзяцца Пісанні, што так павінна адбыцца?
55 У тую гадзіну Ісус сказаў натоўпам: Як на разбойніка вы выйшлі з мячамі і каламі, каб ўзяць Мяне? Штодня Я сядзеў у храме [з вамі], навучаючы, і вы не схапілі Мяне.
56 Гэта ж ўсё адбылося, каб спраўдзіліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, уцяклі.
57 А тыя, што схапілі Ісуса, адвялі Яго да Каіафы, першасвятара, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
58 Пётр жа здалёку ішоў услед за Ім да першасвятаровага двара; і, увайшоўшы ўсярэдзіну, сеў са служкамі, каб бачыць канец.
59 А першасвятары [і, старэйшыны] і ўвесь сінедрыён шукалі лжэсведчання супроць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць.
60 І не знайшлі, хоць падыходзіла шмат ілжэсведкаў. А ўрэшце два [лжэсведкі], падышоўшы,
61 сказалі: Гэты чалавек казаў: «Я магу зруйнаваць храм Божы і за тры дні пабудаваць [яго]».
62 І першасвятар, устаўшы, сказаў Яму: Нічога не адказваеш на тое, што яны сведчаць супроць Цябе?
63 Ісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: Заклінаю Цябе Жывым Богам, каб ты сказаў нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
64 Ісус кажа яму: Ты сказаў праўду. Акрамя таго кажу вам: з гэтага часу вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы Божай і прыходзіць на нябесных воблаках.
65 Тады першасвятар разадраў сваю вопратку, кажучы: Ён зняважыў Бога! Якая яшчэ патрэба ў сведках? Вось, цяпер вы чулі богазнявагу!
66 Як вам здаецца? — Яны ж сказалі ў адказ: Ён заслугоўвае смерці.
67 Тады наплявалі Яму ў твар і таўклі Яго кулакамі; а іншыя білі па шчоках,
68 кажучы: Прароч нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?»
69 А Пётр сядзеў звонку, на двары, і падышла да яго адна служанка і сказала: І ты быў з Ісусам Галілеянінам.
70 Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: Не ведаю, пра што ты кажаш.
71 А калі ён выйшаў да брамы, убачыла яго іншая і кажа тым, што былі там: [І] гэты быў з Ісусам Назарэем.
72 І зноў ён адрокся з клятвай: Я не ведаю Гэтага Чалавека.
73 А трохі пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: Сапраўды і ты з іх, бо і твая гаворка выдае цябе.
74 Тады ён пачаў клясціся і бажыцца: Я не ведаю Гэтага Чалавека. — І адразу праспяваў певень.
75 І ўспомніў Пётр слова, сказанае [яму] Ісусам: «Перш чым праспявае певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». — І, выйшаўшы адтуль, ён горка заплакаў.

Зноскі:

15 80: Гэта была, паводле закона, цана раба.
30 81: Пасхальная вячэра завяршалася спевам псалмаў 113−117.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Матфея, 26 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Матфея 26 раздзел в переводах:
Матфея 26 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.