1 І, убачыўшы натоўпы, Ён узышоў на гару. І калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго.
2 І Ён, адкрыўшы вусны Свае, вучыў іх, кажучы:
3 Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябёсаў.
4 Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць усцешаны.
5 Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
6 Шчаслівыя згаладалыя і спрагнёныя праўды, бо яны натоляцца.
7 Шчаслівыя літасцівыя, бо над імі злітуюцца.
8 Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.
9 Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названы сынамі Божымі.
10 Шчаслівыя, каго гоняць за праведнасць, бо іх ёсьць Царства Нябёсаў.
11 Шчаслівыя вы, калі будуць вас ганьбіць, і гнаць, і хлусліва казаць супроць вас усялякае ліхое з-за Мяне.
12 Радуйцеся і весяліцеся, таму што вялікая ваша ўзнагарода ў нябёсах: бо так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
13 Вы — соль зямлі, калі ж соль абяссолее, чым яе насаліць? Ні на што яна ўжо не прыдатная, хіба толькі выкінуць вон, каб тапталі людзі.
14 Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць наверсе гары.
15 І, запальваючы светач, не ставяць яго пад пасудзіну, а на падстаўку, і ён свеціць усім у доме.
16 Няхай свеціць так ваша святло перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі вашага Бацьку, што ў нябёсах.
17 Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў; Я прыйшоў не адмяніць, а здзейсніць.
18 Бо сапраўды кажу вам: пакуль не адыдзе неба і зямля, ні адна ёта і ні адна рыска ні ў якім разе не адыдзе з закона, пакуль не спраўдзіцца ўсё.
19 Дык, хто адменіць адну з найменшых гэтых запаведзяў і так навучыць людзей, той будзе названы найменшым у Царстве Нябёсаў; а хто выканае і навучыць, той будзе названы вялікім у Царстве Нябёсаў.
20 Бо кажу вам, калі ваша праведнасць не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў.
21 Вы чулі, што сказана старажытным: «Не забівай, а хто заб’е, падпадзе пад суд».
22 А Я кажу вам, кожны, хто [дарэмна] гневаецца на свайго брата, падпадзе пад суд; а хто скажа свайму брату: «Рака4» падпадзе пад суд сінедрыёна5, а хто скажа «Марэ»6, падпадзе пад кару геены вогненнай.
23 Дык калі ты будзеш прыносіць свой дар на ахвярнік і там успомніш, што твой брат мае нешта супроць цябе,
24 то пакінь там свой дар перад ахвярнікам і пайдзі перш прымірыся са сваім братам, і тады прыйдзі і прынясі свой дар.
25 Хутчэй мірыся са сваім праціўнікам, пакуль з ім у дарозе, каб праціўнік не перадаў цябе суддзі, а суддзя [не перадаў цябе] выканаўцу, і ты не быў кінуты ў турму.
26 Сапраўды кажу табе: ні ў якім разе не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта7.
27 Вы чулі, што сказана [для старажытных]: «Не чужалож».
28 А Я вам кажу, што кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо чужаложыў з ёю ў сваім сэрцы.
29 Калі ж тваё правае вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела было ўкінута ў геену.
30 І калі правая твая рука ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела пайшло ў геену.
31 І было сказана: «Хто адпусціць жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст».
32 А Я кажу вам, што кожны, хто адпускае жонку сваю, апроч як з прычыны распусты, даводзіць яе да чужаложства; і хто ажэніцца з адпушчанаю, чужаложыць.
33 Яшчэ вы чулі, што было сказана старажытным: «Не парушай клятвы, а выконвай перад Госпадам свае клятвы».
34 А Я кажу вам, каб вы не кляліся зусім: ні небам, таму што яно трон Божы;
35 ні зямлёю, таму што яна падножжа Яго ног, ні Іерусалімам, таму што ён горад вялікага Цара;
36 сваёю галавою не кляніся, таму што не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
37 А ваша слова няхай будзе: «так, так», «не, не», а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
38 Вы чулі, што было сказана: «Вока за вока і зуб за зуб».
39 А Я кажу вам, каб вы не супраціўляліся злому, але хто б’е цябе ў [тваю] правую шчаку, павярні да яго і другую;
40 і хто хоча судзіцца з табою і ўзяць твой хітон8, — уступі яму і плашч;
41 і хто прымусіць цябе ісці адну мілю9, ідзі з ім дзве.
42 Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.
43 Вы чулі, што было сказана: «Любі свайго блізкага і ненавідзь свайго ворага».
44 А Я кажу вам: любіце сваіх ворагаў, [дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас] і маліцеся за тых, што [крыўдзяць вас і] гоняць вас;
45 каб вам зрабіцца сынамі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, таму што Ён узводзіць Сваё сонца над злымі і добрымі і пралівае дождж на праведных і няправедных.
46 Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое самае робяць і зборшчыкі падаткаў?
47 І калі будзеце вітаць толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?
48 Дык будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька Нябесны.
Зноскі:
22 4: Пустая галава.
22 5: Вярхоўны суд.
22 6: Дурны.
26 7: Дробная медная манета.
40 8: Сподняе адзенне — сарочка.
41 9: Старажытнарымская міля была роўная тысячы крокаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Евангелле паводле Матфея, 5 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014