1 Паміж фарысеяў быў чалавек імем Нікадэм, начальнік юдэйскі;
2 уночы прыйшоў ён і сказаў Яму: «Рабі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў як Настаўнік; бо ніхто не можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі б Бог не быў з ім».
3 Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанова, не можа бачыць Валадарства Божага».
4 Кажа Яму Нікадэм: «Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсці ва ўлонне сваёй маці ды зноў нарадзіцца?»
5 Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і з Духа, не можа ўвайсці ў Валадарства Божае.
6 Тое, што нарадзілася з цела, ёсць цела, а што нарадзілася з Духа, ёсць дух.
7 Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: трэба вам нарадзіцца нанова.
8 Дух дзьме, куды хоча, і шум яго чуеш, але не ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць; таксама адбываецца з кожным, хто з Духа нарадзіўся».
9 Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як можа гэта стацца?»
10 Сказаў яму Ісус, адказваючы: «Ты — настаўнік Ізраэля і не ведаеш гэтага?
11 Сапраўды, сапраўды кажу табе: мы гаворым тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што мы бачылі, але сведчання нашага не прымаеце.
12 Калі Я казаў вам пра зямное, і вы не верыце, дык як паверыце, калі вам буду гаварыць пра нябеснае?
13 І ніхто не ўзышоў на неба, толькі Той, Хто сышоў з неба, — Сын Чалавечы.
14 І як Майсей падняў змяю ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
15 каб кожны, хто верыць, меў жыццё вечнае.
16 Бо так палюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыццё вечнае.
17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.
18 Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны; а хто не верыць, ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19 А вось што такое суд: Святло прыйшло ў свет, але людзі ўзлюбілі цемру болей за святло, бо ліхімі былі іх учынкі.
20 Бо кожны, хто блага робіць, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не асудзілі яго ўчынкаў;
21 а кожны, хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу былі ўчынены».
22 Пасля таго прыйшоў Ісус і вучні Яго ў зямлю Юдэйскую, і там затрымаўся з імі, і хрысціў.
23 І Ян таксама хрысціў у Эноне блізка Саліма, бо там было шмат вады, і [людзі] прыходзілі і прымалі хрост;
24 бо Ян не быў яшчэ кінуты ў вязніцу.
25 І сталася: узнікла спрэчка між вучнямі Яна і юдэямі наконт ачышчэння.
26 Дык прыйшлі да Яна і сказалі яму: «Рабі, Той, што з табой быў за Ярданам і пра Якога ты сведчыў, вось, Ён хрысціць, ды ўсе ідуць да Яго».
27 Адказаў Ян і сказаў ім: «Нічога не можа атрымаць чалавек, калі яму не будзе дадзена з неба.
28 Вы самі можаце засведчыць пра мяне, што я вам сказаў: я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім.
29 Хто мае абранніцу, той жаніх, а сябар жаніха, які побач стаіць і слухае яго, радуецца ўсцешна з голасу жаніха. І гэтая радасць мая споўнілася.
30 Ён мае расці, а я — змяншацца.
31 Хто прыходзіць звысоку, Той вышэй за ўсіх; а хто з зямлі, той з зямлі і пра зямное гаворыць. Хто прыходзіць з неба, Той па-над усімі;
32 і Ён сведчыць аб тым, што ўбачыў і пачуў, і сведчання Яго ніхто не прымае.
33 А хто прыняў Яго сведчанне, той адзначыў, што Бог праўдамоўны.
34 І Той, Каго Бог паслаў, прамаўляе словы Божыя, бо не мераючы дае Ён Духа.
35 Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Яго.
36 Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае; а хто бязверны ў Сына, той не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Яна, 3 глава. Пераклад Чарняўскага 2012

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Комментарии Джона Райла
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.