Лікі 30 глава

Кніга Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Перевод Еп. Кассиана

 
 

І сказаў Майсей сынам Ізраіля ўсё, што загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І прамовіў Майсей да пакаленьняў Ізраіля, кажучы: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД.
 

Калі [мужчына] паабяцае нешта ГОСПАДУ або зьвяжа сябе прысягай, забавязаўшы душу сваю, няхай не парушыць словы свае, але ўсё, што выйшла з вуснаў ягоных, зробіць.
 

Калі жанчына паабяцае нешта ГОСПАДУ, або зьвяжа сябе прысягай у доме бацькі свайго і ў маладосьці сваёй,
 

і пачуе бацька ейны абяцаньне яе і забавязаньне, якім яна зьвязала душу сваю, і не запярэчыць бацька ейны, усе яе абяцаньні і ўсе яе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, застануцца.
 

Калі ў той дзень, калі пачуе бацька ейны, ён забароніць ёй гэта, усе абяцаньні яе і ўсе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, будуць няважныя. ГОСПАД даруе ёй, бо бацька ейны забараніў ёй.
 

Калі станецца, што выйдзе яна замуж, і яна зьвязаная абяцаньнем або прысягай вуснаў сваіх, якімі яна зьвязала душу сваю,
 

і калі пачуе муж ейны і, пачуўшы, не запярэчыць, яе абяцаньні і яе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, застануцца.
 

А калі пачуе муж ейны і забароніць ёй, тады абяцаньні яе, якія на ёй, і прысягі вуснаў яе, якімі яна зьвязала душу сваю, будуць няважныя; і ГОСПАД даруе ёй.
 

Але абяцаньне ўдавы або разьведзенай, кожнае, якім яна зьвязала душу сваю, застанецца на ёй.
 

Калі жонка ў доме мужа свайго зьвязала душу сваю абяцаньнем або прысягаю,
 

і пачуе [пра гэта] муж, і будзе маўчаць, і не запярэчыць, тады ўсе абяцаньні і ўсе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, застануцца на ёй.
 

А калі муж ейны, забараняючы, забароніць ёй, пачуўшы пра гэта, усё, што выйшла вуснаў яе, яе абяцаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, будуць няважныя, бо муж забараніў; і ГОСПАД даруе ёй.
 

Усе абяцаньні і ўсе прысягі, якімі яна зьвязала душу сваю, муж ейны можа пакінуць і можа забараніць.
 

А калі муж моўчкі маўчаў з дня на дзень, усе яе абяцаньні і ўсе прысягі застаюцца на ёй, павінна споўніць, бо [муж] маўчаў, калі пачуў [пра гэта].
 

А калі ён забароніць праз нейкі час пасьля таго, як пачуў, ён сам панясе правіну сваю».
 

Гэта пастановы, якія загадаў ГОСПАД Майсею адносна мужа і жонкі, бацькі і дачкі, калі яна яшчэ ў юнацтве жыве ў доме бацькі свайго».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.