Ісаі 5 глава

Кніга Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Еврейский Новый Завет

 
 

І буду спяваць песню Міламу майму пра вінаграднік Яго: у майго Мілага быў вінаграднік на ўрадлівым узгорку.
 

Ён абкапаў яго, і ачысціў яго ад камянёў, і пасадзіў на ім адборную вінаградную лазу, і на сярэдзіне яго пабудаваў вежу, і выкапаў у ім выціскальню, і спадзяваўся, што народзіць ён вінаград, але ён нарадзіў дзікія ягады.
 

«Дык цяпер, о жыхары Ерузаліма і мужчыны Юды, рассудзіце паміж Мною і Маім вінаграднікам.
 

Што мусіў Я больш зрабіць для вінаградніку майго, а не зрабіў для яго? Чаму чакаў, што народзіць ён вінаград, а ён нарадзіў дзікія ягады?
 

І вось цяпер пакажу вам, што Я зраблю з вінаграднікам Маім. Разбяру агароджу яго, і ён будзе на знішчэнне, зруйную плот яго, і ён будзе на стаптанне.
 

Ды пакіну яго на запусценне: не будзе падразаны і акопваны і парасце асотам і цернем. Хмарам забараню даваць дождж на яго».
 

Вось жа, вінаграднік Госпада Магуццяў — гэта дом Ізраэля, а мужчыны Юды — гэта патомства яго выбранае. Спадзяваўся Я, што будзе ён спаўняць закон, а вось — беззаконне, чакаў справядлівасці, а вось жа — няправасць.
 

Гора тым, што далучаюць дом да дома, а поле яднаюць з полем аж да канца зямельных надзелаў! Ці ж вы адны толькі жывяце на сярэдзіне зямлі?
 

У вушах маіх загучала прысяга Госпада Магуццяў: «Напэўна, многа дамоў будзе знішчана: выгодныя і прыгожыя — без жыхароў!»
 

Бо дзесяць батаў вінаградніку дадуць адзін бат, а трыццаць мер зерня дадуць тры меры.
 

Гора тым, якія рана ўстаюць, каб хутчэй напіцца і трываць у п’янстве аж да вечара, каб віно разагрэла іх.
 

Цытра і ліра, бубен і флейта ды віно на іх балях, пра справу Госпада не дбаюць і не бачаць твораў рук Яго.
 

Дзеля таго народ мой трапіў у няволю, бо не меў розуму: яго вяльможы павыміралі ад голаду, а многія іншыя ад смагі пасохлі.
 

Таму апраметная расшырыла свае глоткі ды разявіла сваю пашчу нарасцяж: падаюць туды волаты Ерузаліма, і народ яго, і пыхлівыя, і тыя, хто весяліцца ў ім.
 

Паніжаны будзе чалавек ды ўпакораны муж, а вочы пыхліўцаў — апушчаны;
 

і ўзвысіцца Госпад Магуццяў на судзе, і Бог святы акажа Сваю святасць па справядлівасці,
 

і пасвіцца будуць ягняты ў сваёй чарадзе, як на сваім выгане, і чужыя будуць харчавацца на руінах багатых.
 

Гора тым, якія на вяроўках марнасці валакуць няправасць, а грэх — быццам лейцы запрэжкі!
 

Яны кажуць: «Хутчэй! Хай неўзабаве настане справа Яго, каб мы пабачылі; хай наблізіцца і надыдзе рада Святога Ізраэлева, і мы спазнаем тое!»
 

Гора тым, што ліха называюць дабром, а дабро — ліхам, якія выдаюць цемру за святло, а святло — за цемру, якія выстаўляюць горкае за салодкае, а салодкае — за горкае!
 

Гора тым, хто мудрыя ў сваіх вачах і разважлівыя ва ўласным уяўленні.
 

Гора тым, якія спрытныя ў піцці віна ды адважныя ў мяшаным п’янстве.
 

Яны апраўдваюць бязбожнага за дарункі, а справядлівага асуджаюць несправядліва.
 

З гэтай прычыны, як язык вогненны з’ядае салому і сена знішчаецца полымем, так корань іх будзе, быццам гніль, і квецень іх падымецца, як плясніна, бо адкінулі яны закон Госпада Магуццяў і словы Святога Ізраэлева зняважылі.
 

Таму ўзгарэлася абурэнне Госпада на народ Яго, і выцягнуў руку Сваю супраць яго, і ўдарыў яго, аж задрыжалі горы, і трупы іх, як гной, запоўнілі плошчы. Але на гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, і рука Яго далей выцягнута.
 

І ўздыме Ён сцяг да далёкіх народаў, і свістам пакліча яго нават з ускрайкаў зямлі; і вось, ён прыйдзе спрытна і хутка,
 

няма ў ім кволага або спрацаванага, не задрэмле ён і не засне, не развяжацца пояс на клубах яго, ды не лопне раменьчык на сандалях яго.
 

Стрэлы яго вострыя, і ўсе лукі нацягнуты, капыты коней яго — як крэмень, калёсы яго павозак — як навала буры.
 

Рык яго, быццам ільвіны: рыкае, як ільвяняты, і скрыгіча; і хапае здабычу і хавае ў бяспечным месцы, і няма таго, хто мог бы вырваць.
 

І шум падымецца над ім у той дзень, як шум мора. Гляне ён на зямлю, а там страшэнная цемра; і святло схавалася ў яго тумане.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.