Ісаі 5 глава

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Еврейский Новый Завет

 
 

І буду я сьпяваць Любаму майму сьпеў пра вінаграднік Ягоны. Любы мой меў вінаграднік на ўзгорку ўрадлівым.
 

Ён абкапаў яго і ачысьціў яго ад камянёў, і пасадзіў у ім найлепшую лазу вінаградную, і пабудаваў вежу на сярэдзіне яго, і паставіў у ім тоўчню, і спадзяваўся, што вырасьце вінаград, але вырасьлі дзікія ягады.
 

І цяпер, жыхары Ерусаліму і мужы Юды, рассудзіце паміж Мною і вінаграднікам Маім.
 

Што мусіў Я яшчэ зрабіць для вінаградніку Майго, а не зрабіў? Чаму, калі чакаў, што ўродзіць вінаград, ён урадзіў дзікія ягады?
 

І цяпер Я паведамлю вам, што Я зраблю з вінаграднікам Маім: прыбяру жываплот ягоны, і ён будзе на зьнішчэньне, развалю агароджу ягоную, і будзе ён на патаптаньне,
 

і аддам яго на спусташэньне; ня будзе ён абцінаны і абкопваны, і зарасьце цернем і асотам, і хмарам Я забараню даваць дождж яму.
 

Бо вінаграднік ГОСПАДА Магуцьцяў — гэта дом Ізраіля, а мужы Юды — парастак выбраны Яго. І Я спадзяваўся, [што будзе] суд, а вось, праліцьцё крыві, [чакаў] праведнасьці, а вось крыкі [пагрозаў].
 

Гора тым, якія далучаюць дом да дому, а поле дадаюць да поля, ажно [іншым] не застаецца месца, быццам вы адны толькі жывіцё на зямлі.
 

У вушы мае [сказаў] ГОСПАД Магуцьцяў: «Сапраўды, шмат дамоў будзе зруйнавана, вялікіх і прыгожых, і будуць яны без жыхароў.
 

Бо дзесяць моргаў вінаградніку дадуць адзін бат, а насеньне з гомару дасьць эфу.
 

Гора тым, якія, устаўшы рана, шукаюць сікеру, якія п’юць аж да вечара, каб віно разагравала іх.
 

Гусьлі і ліры, бубны і жалейкі, і віно на баляваньнях іхніх, а пра справы ГОСПАДА яны ня дбаюць, і твораў рук Ягоных ня бачаць.
 

Дзеля таго пойдзе ў няволю народ Мой, бо ён ня мае разуменьня, і магнаты ягоныя будуць галадаваць, а мноства ягонае пасохне ад смагі.
 

Таму адхлань пашырыла горла сваё і разьзявіла бяз меры пашчу сваю, і зыйдзе туды велічнасьць яго, і мноства яго, і гоман яго, і тыя, што весяляцца ў ім.
 

І будзе паніжаны чалавек, і будзе ўпакораны муж, і вочы фанабэрыстых будуць скораныя.
 

І ўзвысіцца ГОСПАД Магуцьцяў у судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праведнасьці.
 

І будуць пасьвіцца авечкі як на пашы сваёй, і казьляняты будуць есьці траву сярод руінаў.
 

Гора тым, якія на пастронках марнасьці валакуць беззаконьне, і грахі — на вяроўках возу,
 

і кажуць: “Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзеяньні Свае, каб мы ўбачылі, і няхай зьдзейсьніцца намер Сьвятога Ізраіля, каб мы даведаліся!”
 

Гора тым, якія зло называюць дабром, а дабро — злом, якія лічаць цемру сьвятлом, а сьвятло — цемраю, горкае лічаць салодкім, а салодкае — горкім.
 

Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і якія разумныя перад самімі сабою.
 

Гора тым, якія адважныя, каб піць віно, і мужныя, каб мяшаць сікеру,
 

якія за хабар апраўдваюць вінаватага, а праведнасьць праведніка адсоўваюць ад яго.
 

Таму як салому зьядае язык вогненны, а сена зьнікае ў полымі, так корань іхні станецца гнільлём, і краса іхняя разьляціцца, як пыл, бо яны адкінулі Закон ГОСПАДА Магуцьцяў, і словамі Сьвятога Ізраіля пагардзілі.
 

Таму ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і Ён выцягнуў руку Сваю супраць яго, каб пакараць яго, і задрыжэлі горы, і трупы іхнія [сталіся] як сьмецьце сярод вуліцы. Але на гэтым усім не спыніўся гнеў Ягоны, і рука Ягоная яшчэ выцягнута.
 

І Ён падыме сьцяг да народу далёкага, і засьвішча яму з канца зямлі, і ён прыйдзе хутка і лёгка;
 

ня будзе стомленых у ім і ніхто не спатыкнецца, ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня будзе зьняты пояс з паясьніцы ягонай, і ня лопне рамень сандалаў ягоных.
 

Стрэлы ягоныя вострыя і ўсе лукі ягоныя напятыя; капыты коней ягоных — як крэмень, колы [калясьніцаў] ягоных — як віхор.
 

Рык ягоны — як рык ільвіцы; і рыкаючы, рыкае ён як львяняты, і раве, і хапае здабычу, і нясе, і ніхто ня выратуе.
 

І ён зараве над [здабычай] у той дзень як раве мора; і ён гляне на зямлю, і вось, цемра і прыгнёт, і сьвятло схавалася ў хмарах».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.