1 І буду я сьпяваць Любаму майму сьпеў пра вінаграднік Ягоны. Любы мой меў вінаграднік на ўзгорку ўрадлівым.
2 Ён абкапаў яго і ачысьціў яго ад камянёў, і пасадзіў у ім найлепшую лазу вінаградную, і пабудаваў вежу на сярэдзіне яго, і паставіў у ім тоўчню, і спадзяваўся, што вырасьце вінаград, але вырасьлі дзікія ягады.
3 І цяпер, жыхары Ерусаліму і мужы Юды, рассудзіце паміж Мною і вінаграднікам Маім.
4 Што мусіў Я яшчэ зрабіць для вінаградніку Майго, а не зрабіў? Чаму, калі чакаў, што ўродзіць вінаград, ён урадзіў дзікія ягады?
5 І цяпер Я паведамлю вам, што Я зраблю з вінаграднікам Маім: прыбяру жываплот ягоны, і ён будзе на зьнішчэньне, развалю агароджу ягоную, і будзе ён на патаптаньне,
6 і аддам яго на спусташэньне; ня будзе ён абцінаны і абкопваны, і зарасьце цернем і асотам, і хмарам Я забараню даваць дождж яму.
7 Бо вінаграднік ГОСПАДА Магуцьцяў — гэта дом Ізраіля, а мужы Юды — парастак выбраны Яго. І Я спадзяваўся, [што будзе] суд, а вось, праліцьцё крыві, [чакаў] праведнасьці, а вось крыкі [пагрозаў].
8 Гора тым, якія далучаюць дом да дому, а поле дадаюць да поля, ажно [іншым] не застаецца месца, быццам вы адны толькі жывіцё на зямлі.
9 У вушы мае [сказаў] ГОСПАД Магуцьцяў: «Сапраўды, шмат дамоў будзе зруйнавана, вялікіх і прыгожых, і будуць яны без жыхароў.
10 Бо дзесяць моргаў вінаградніку дадуць адзін бат, а насеньне з гомару дасьць эфу.
11 Гора тым, якія, устаўшы рана, шукаюць сікеру, якія п’юць аж да вечара, каб віно разагравала іх.
12 Гусьлі і ліры, бубны і жалейкі, і віно на баляваньнях іхніх, а пра справы ГОСПАДА яны ня дбаюць, і твораў рук Ягоных ня бачаць.
13 Дзеля таго пойдзе ў няволю народ Мой, бо ён ня мае разуменьня, і магнаты ягоныя будуць галадаваць, а мноства ягонае пасохне ад смагі.
14 Таму адхлань пашырыла горла сваё і разьзявіла бяз меры пашчу сваю, і зыйдзе туды велічнасьць яго, і мноства яго, і гоман яго, і тыя, што весяляцца ў ім.
15 І будзе паніжаны чалавек, і будзе ўпакораны муж, і вочы фанабэрыстых будуць скораныя.
16 І ўзвысіцца ГОСПАД Магуцьцяў у судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праведнасьці.
17 І будуць пасьвіцца авечкі як на пашы сваёй, і казьляняты будуць есьці траву сярод руінаў.
18 Гора тым, якія на пастронках марнасьці валакуць беззаконьне, і грахі — на вяроўках возу,
19 і кажуць: “Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзеяньні Свае, каб мы ўбачылі, і няхай зьдзейсьніцца намер Сьвятога Ізраіля, каб мы даведаліся!”
20 Гора тым, якія зло называюць дабром, а дабро — злом, якія лічаць цемру сьвятлом, а сьвятло — цемраю, горкае лічаць салодкім, а салодкае — горкім.
21 Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і якія разумныя перад самімі сабою.
22 Гора тым, якія адважныя, каб піць віно, і мужныя, каб мяшаць сікеру,
23 якія за хабар апраўдваюць вінаватага, а праведнасьць праведніка адсоўваюць ад яго.
24 Таму як салому зьядае язык вогненны, а сена зьнікае ў полымі, так корань іхні станецца гнільлём, і краса іхняя разьляціцца, як пыл, бо яны адкінулі Закон ГОСПАДА Магуцьцяў, і словамі Сьвятога Ізраіля пагардзілі.
25 Таму ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і Ён выцягнуў руку Сваю супраць яго, каб пакараць яго, і задрыжэлі горы, і трупы іхнія [сталіся] як сьмецьце сярод вуліцы. Але на гэтым усім не спыніўся гнеў Ягоны, і рука Ягоная яшчэ выцягнута.
26 І Ён падыме сьцяг да народу далёкага, і засьвішча яму з канца зямлі, і ён прыйдзе хутка і лёгка;
27 ня будзе стомленых у ім і ніхто не спатыкнецца, ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня будзе зьняты пояс з паясьніцы ягонай, і ня лопне рамень сандалаў ягоных.
28 Стрэлы ягоныя вострыя і ўсе лукі ягоныя напятыя; капыты коней ягоных — як крэмень, колы [калясьніцаў] ягоных — як віхор.
29 Рык ягоны — як рык ільвіцы; і рыкаючы, рыкае ён як львяняты, і раве, і хапае здабычу, і нясе, і ніхто ня выратуе.
30 І ён зараве над [здабычай] у той дзень як раве мора; і ён гляне на зямлю, і вось, цемра і прыгнёт, і сьвятло схавалася ў хмарах».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Ісаі, 5 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.