1 А цяпер паслухай, Якуб, слуга Мой, і ты, Ізраіль, якога Я выбраў.
2 Гэта кажа ГОСПАД, Які зрабіў цябе і ўкшталтаваў цябе ад улоньня [маці], Які дапамагае табе: «Ня бойся, слуга Мой, Якуб, і Ешурун, якога Я выбраў.
3 Бо Я выльлю воды на спрагнёнае і струмяні — на [зямлю] сухую. Я выльлю Духа Майго на насеньне тваё і дабраславенства Маё — на нашчадкаў тваіх.
4 І будуць яны расьці між травы, як вербы пры цячэньні водаў.
5 Адзін скажа: “Я — ГОСПАДАЎ”, а другі назавецца імем Якуба, іншы напіша на руцэ сваёй “Для ГОСПАДА”, і назавецца імем Ізраіля».
6 Гэта кажа ГОСПАД, Валадар Ізраіля і Адкупіцель ягоны, ГОСПАД Магуцьцяў: «Я — першы, і Я — апошні, і акрамя Мяне няма Бога.
7 Хто як Я? Няхай акажацца, няхай абвесьціць, няхай раскажа Мне, як Я заснаваў народ у [часах] старадаўніх, і тое, што здарыцца, што мае быць, няхай паведаміць Нам.
8 Ня бойцеся і не трывожцеся. Ці ж не здаўна Я распавёў табе і абвясьціў? І вы — сьведкі Мае. Ці ж ёсьць Бог акрамя Мяне? Няма [іншай] скалы, ніякай ня ведаю».
9 Усе разьбяры ідалаў — марнота; і ўлюблёныя [ідалы] іхнія не прыносяць ім карысьці, і яны [самі] сьведкі [гэтага]. Яны ня бачаць, і ня ведаюць [нічога], і таму будуць асаромленыя.
10 Хто лепіць бога і выразае ідала, каб ня мець ад іх карысьці?
11 Вось, усе ўдзельнікі гэтага будуць асаромленыя; а майстры іхнія — яны [толькі] людзі. Няхай яны зыйдуцца ўсе і стануць, і разам усе спалохаюцца і асаромяцца.
12 Каваль [вырабляе] з жалеза сякеру, працуе на вугольлі, і малатком кшталтуе [ідала], і робіць работу моцным рамяном сваім; адчувае голад, стамляецца, ня п’е вады і зьнемагаецца.
13 Цясьляр на дрэве расьцягвае [меральны] шнур, выразае рыльцам [ідала], выдзёўбвае долатам і крэсьліць цыркулем, і робіць яго на падабенства чалавека, чалавека прыгожага, каб паставіць яго ў доме.
14 Насёк для сябе кедраў і ўзяў кіпарыс і дуб, якія выбраў сабе між дрэваў у лесе. Пасадзіў ясень, і дождж вырошчвае [яго].
15 І будзе [гэта] для чалавека на саграваньне, і ён бярэ [частку] з іх, і грэецца, і распаліць [агонь], і пячэ хлеб. А з рэшты робіць бога і пакланяецца [яму], робіць ідала і кленчыць перад ім.
16 Палову [дрэва] спальвае ў агні, і на палове яго пячэ мяса; есьць сьпечанае, і насычаецца, і грэецца, і кажа: «Як я сагрэўся і гляджу на агонь».
17 А з рэштак робіць бога, ідала для сябе, перад якім кленчыць, якому пакланяецца, і моліцца да яго, кажучы: «Ратуй мяне, бо ты — бог мой!»
18 Такія [нічога] ня ведаюць і не разумеюць, бо заплюшчаныя вочы іхнія, каб ня бачыць, і [зачыненае] сэрца іхняе, каб не разумець.
19 Не застанаўляюцца яны ў сэрцы сваім, няма [ў іх] веданьня і разуменьня, каб сказаць: «Палову я спаліў у агні і сьпёк на вугольлі ягоным хлеб для сабе, і сьпёк мяса, і зьеў, а з рэшты няўжо я зраблю брыдоту і буду пакланяцца кавалку дрэва?»
20 Такі вось корміцца попелам, сэрца падманутае зьвяло яго, і ня выратуе ён душы сваёй, і ня скажа: «Ці ж не падман я трымаю ў правай руцэ маёй?»
21 Памятай пра гэта, Якуб, і ты, Ізраіль, бо ты — слуга Мой, Я ўкшталтаваў цябе, ты — слуга Мой, Ізраіль, не забывайся пра Мяне.
22 Я разьвеяў, як хмару, правіны твае, і грахі твае — як воблака. Вярніся да Мяне, бо Я адкупіў цябе!
23 Радуйцеся, нябёсы, бо ГОСПАД зрабіў гэта; усклікайце, глыбіні зямлі! Радасна гукайце, горы і лес, і ўсе дрэвы ў ім, бо ГОСПАД адкупіў Якуба і праславіўся ў Ізраілі.
24 Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель твой, Які ўкшталтаваў цябе ад улоньня [маці]: «Я — ГОСПАД, Які зрабіў усё, Які Сам расьцягнуў неба і ўмацаваў зямлю. І хто [тады] быў са Мною?
25 Я зьнішчаю знакі брахлівых і выяўляю дурасьць прадказальнікаў, адсылаю назад мудрацоў і веданьне іхняе ператвараю ў глупоту.
26 Я сьцьвярджаю слова слугі Майго, і выконваю раду пасланцоў Маіх. Я кажу Ерусаліму: “Ты будзеш заселены!”, і гарадам Юды: “Вы будзеце адбудаваныя, і руіны вашыя Я аднаўлю”.
27 Я кажу бездані: “Высахні, і Я высушу рэкі твае”.
28 Я кажу пра Кіра: “Пастыр Мой”, і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: “Ты будзеш адбудаваны!”, а сьвятыні: “Ты будзеш закладзена!”»
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Ісаі, 44 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.