1 І цяпер гэтак кажа ГОСПАД, Які стварыў цябе, Якуб, і зьляпіў цябе, Ізраіль: «Ня бойся, бо Я адкупіў цябе і паклікаў імя тваё, ты — Мой.
2 Калі будзеш праходзіць праз воды, Я з табой, і калі [пойдзеш] праз рэкі, яны не затопяць цябе. Калі пойдзеш праз агонь, не згарыш, і полымя не праглыне цябе.
3 Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Сьвяты Ізраіля, Збаўца твой! Я даў Эгіпет на водкуп за цябе, Куш і Сэву замест цябе.
4 Праз тое, што ты стаўся ў вачах Маіх дарагім і слаўным і Я люблю цябе, Я аддам людзей замест цябе і народы за душу тваю.
5 Ня бойся, бо Я з табою! З усходу прывяду насеньне тваё і з захаду пазьбіраю цябе.
6 Скажу поўначы: «Аддай!», і поўдню: «Ня стрымлівай! Прывядзі сыноў Маіх здалёк, і дочак Маіх з канцоў зямлі,
7 і ўсіх, хто завецца імем Маім і каго Я стварыў дзеля славы Маёй, укшталтаваў і зьляпіў.
8 Выведзі народ сьляпы, хоць ён мае вочы, і глухі, хоць вушы [ёсьць] у яго».
9 Няхай усе народы зьбяруцца разам, і зыйдуцца плямёны. Хто з іх распавядзе пра гэта? Няхай аб’явяць пра мінулае. Няхай дадуць сведкаў сваіх і апраўдаюцца, каб можна было пачуць і сказаць: «[Гэта] праўда!»
10 Вы — сьведкі Мае, кажа ГОСПАД, і слуга Мой, якога Я выбраў, каб вы даведаліся і верылі Мне, і зразумелі, што гэта Я. Да Мяне не было Бога і пасьля Мяне ня будзе.
11 Я, Я — ГОСПАД, і акрамя Мяне няма Збаўцы.
12 Я абвясьціў і збавіў, і даў пачуць; і няма ў вас іншага [Бога], і вы — сьведкі Мае, кажа ГОСПАД, што Я — Бог.
13 Ад дзён [вечнасьці] Я — Той Самы, і няма нікога, хто з рукі Маёй можа выратаваць! Я зьдзейсьніў, і хто можа зьмяніць гэта?
14 Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель ваш, Сьвяты Ізраіля: «Дзеля вас Я паслаў у Бабілон і сабраў усіх уцекачоў, а Халдэйцы на караблях крык [узьнімуць].
15 Я — ГОСПАД, Сьвяты ваш, Творца Ізраіля, Валадар ваш».
16 Гэта кажа ГОСПАД, Які адкрыў шлях праз мора і сьцежку праз воды бурлівыя,
17 Які вывеў калясьніцу і коньніка, дружыну і дужага, і яны разам паляглі і не падняліся, згарэлі, як кнот, які тухне.
18 Але вы ня ўзгадвайце пра мінулае і пра старадаўняе не разважайце.
19 Вось, Я раблю новае, цяпер яно вырастае. Ці ж вы гэтага ня ведаеце? Вось, Я раблю шлях у пустыні, а рэкі — у стэпе.
20 Будуць славіць Мяне звяры палявыя, цмокі і страусы, бо Я даў ваду ў пустыні, і рэкі ў стэпе, каб напаіць народ Мой, выбраны Мой.
21 Народ гэты Я ўкшталтаваў для Сябе, ён будзе абвяшчаць хвалу Маю.
22 Але ты ня клікаў Мяне, Якуб, і ты, Ізраіль, не высіляўся дзеля Мяне.
23 Не ахвяроўваў ты Мне ягня на цэласпаленьне і ахвярамі крывавымі тваімі не ўслаўляў Мяне.
24 Не купляў ты Мне пахкага трысьнёгу за срэбра і тлустасьцю ахвяраў тваіх не насычаў Мяне. Але ты турбаваў Мяне грахамі тваімі і мучыў Мяне беззаконьнямі тваімі.
25 Я, Я — Той, Які сьцірае правіны твае адносна Мяне, і ня памятае грахоў тваіх.
26 Узгадай Мяне, будзем судзіцца разам, расказвай, каб апраўдацца табе.
27 Бацька твой першым саграшыў, пасярэднікі твае адступіліся ад Мяне.
28 І Я зганьбіў князёў сьвятыні [тваёй], і аддаў Якуба на закляцьце [зьнішчэньня], а Ізраіля — на зьнявагу.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Ісаі, 43 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.