1 Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так:
2 былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных.
3 Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога.
4 А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
5 Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма.
6 А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы.
7 Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, — бо ён быў голы, — і кінуўся ў мора;
8 а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, — бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, — цягнучы нерат з рыбаю.
9 А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб.
10 Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі.
11 Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка.
12 Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь.
13 Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу.
14 Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых.
15 І калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві ягняты Мае.
16 Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае.
17 Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр замаркоціўся, што трэйці раз спытаўся ў яго: «ці любіш Мяне?» і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае;
18 праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады, дык апаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, дык выцягнеш рукі твае, і другі апаяша цябе і павядзе, куды ня хочаш.
19 А сказаў гэта, даючы зразумець, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.
20 А Пётр, абярнуўшыся, бачыць — за ім ідзе вучань, якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі Яму схіліўшыся, сказаў: Госпадзе! хто Цябе прадасьць?
21 Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?
22 Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты ідзі за Мною.
23 І пранеслася гэтае слова паміж братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?
24 Гэты вучань і сьведчыць пра гэта і напісаў гэта: і ведаем, што ў ісьціне сьведчаньне ягонае.
25 Многа й іншага стварыў Ісус; але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і самому сьвету не ўвабраць напісаных кніг. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце, 21 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002