Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Да Габрэяў 11 Пасланне да Габрэяў 11 раздзел

Прыклады верыў Старым Запавеце

1 Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым.
2 Праз яе продкі атрымалі сведчанне.
3 Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым, так што з нябачнага ўзнікла бачнае.
4 Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін. Дзякуючы ёй ён атрымаў сведчанне сваёй справядлівасці, таму што Бог засведчыў пра дары ягоныя, і дзякуючы ёй ён прамаўляе нават пасля смерці.
5 Вераю Энох быў перанесены, каб не бачыць смерці, і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо перад перанясеннем было засведчана яму, што ён спадабаўся Богу.
6 А без веры немагчыма спадабацца, бо той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць, што Ён існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае.
7 Вераю Ной атрымаў перасцярогу наконт таго, што яшчэ не было бачным, і ў Божай боязі пабудаваў каўчэг, каб уратаваць свой дом. Праз веру ён асудзіў свет і стаў спадкаемцам справядлівасці паводле веры.
8 Дзякуючы веры пакліканы Абрагам паслухаўся і пайшоў у месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну. Ён выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.
9 Дзякуючы веры ён пасяліўся на абяцанай зямлі, як на чужыне, жывучы ў шатрах з Ісаакам і Якубам, сунаследнікамі таго самага абяцання.
10 Бо ён чакаў горада, закладзенага на моцным падмурку, дойлідам і будаўніком якога ёсць Бог.
11 Дзякуючы веры і бясплодная Сара, насуперак старому ўзросту, атрымала сілу, каб зачаць патомства, паколькі лічыла годным даверу таго, хто даў абяцанне.
12 Таму ад аднаго чалавека, і гэта ад амярцвелага, нарадзілася так шмат, якзорак нябесных і незлічоных пясчынак на беразе мора.
13 Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцанняў, але ўбачыўшы іх здалёк і прывітаўшы, прызналі, што яны самі вандроўнікі і чужынцы на зямлі.
14 Бо тыя, хто так кажа, паказваюць, што яны шукаюць айчыну.
15 Калі б яны памяталі аб той, з якой выйшлі, то мелі б нагоду вярнуцца.
16 Цяпер жа яны імкнуцца да лепшай, гэта значыць, да нябеснай айчыны. Таму Бог не саромеецца, што яны называюць Яго сваім Богам, бо Ён падрыхтаваў ім горад.
17 Праз веру Абрагам, калі Бог выпрабоўваў яго, ахвяраваў Ісаака. Той, хто атрымаў абяцанне, прынёс нават адзінароднага сына,
18 пра якога сказана: «У Ісааку назавецца патомства тваё».
19 Ён лічыў, што Бог мае моц уваскрасіць, таму і атрымаў яго як правобраз.
20 Праз веру ў будучыя рэчы Ісаак благаславіў Якуба і Эзава.
21 Праз веру Якуб, паміраючы, благаславіў кожнага з сыноў Юзафа і пакланіўся перад верхам яго кія.
22 Праз веру Юзаф, паміраючы, успомніў аб выйсці сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей.
23 Праз веру бацькі Майсея ўкрывалі яго на працягу трох месяцаў пасля нараджэння, бо бачылі прыгажосць дзіцяці і не спалохаліся загаду фараона.
24 Праз веру Майсей, калі вырас, не захацеў звацца сынам дачкі фараона.
25 Больш жадаў пакутаваць разам з Божым народам, чым мець часовую грахоўную прыемнасць.
26 Большым багаццем за скарбы Егіпта лічыў знявагі Хрыстовыя, бо памятаў аб узнагародзе.
27 Праз веру пакінуў Егіпет, не спалохаўшыся гневу фараона. Вытрываў, як быццам бачыў Нябачнага.
28 Праз веру здзейсніў Пасху і акрапленне крывёю, каб не прычыніў ім зло той, хто забіваў першароднае.
29 Праз веру яны перайшлі праз Чырвонае мора быццам па сухой зямлі, а калі спрабавалі так зрабіць егіпцяне, патанулі.
30 Праз веру ўпалі муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.
31 Праз веру чужаложніца Рахаб не загінула разам з тымі, хто быў непаслухмяны, бо гасцінна прыняла выведнікаў.
Вытрываласць у выпрабаваннях

32 Што яшчэ сказаць? Бо не хопіць мне часу, каб расказаць пра Гедэона, Барака, Самсона і Ефтая, пра Давіда, Самуэля і прарокаў,
33 якія вераю перамагалі валадарствы, здзяйснялі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам,
34 гасілі моцны агонь, пазбягалі вастрыя мяча, трывалі, нягледзячы на слабасць, станавіліся моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў.
35 Жанчыны атрымлівалі сваіх памерлых праз уваскрашэнне. Іншыя, адмовіўшыся ад вызвалення, былі закатаваныя, каб атрымаць лепшае ўваскрашэнне.
36 Яшчэ іншыя спазналі кпіны і бічаванне, а таксама кайданы і вязніцу.
37 Іх каменавалі, пілавалі, забівалі мячом. Яны туляліся ў авечых і казліных скурах, церпячы нястачу, уціск і знявагу.
38 Яны, якіх свет не быў варты, блукалі па пустынях і гарах, па пячорах і цяснінах зямлі.
39 І ўсе яны, хоць і былі прызнаныя дзякуючы веры, не атрымалі абяцанага,
40 таму што Бог прадугледзеў для нас нешта лепшае, каб яны без нас не сталі дасканалымі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Пасланне да Габрэяў, 11 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Да Габрэяў 11 раздзел в переводах:
Да Габрэяў 11 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Серия комментариев МакАртура
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2025. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.