1 Дык будзьце наслядоўнікамі Бога, як браты найдаражэйшыя,
2 і жывіце ў міласьці, як і Хрыстус узьлюбіў нас і выдаў самога сябе за нас на ахвяру і гостыю на ўспадабаньне Богу.
3 Распуста ж і усякая нячыстасьць або сквапнасьць (хцівасьць) хай і не ўпамінаюцца ў вас, як належыць сьвятым,
4 або разбэшчанасьць ці ліхая гаворка, ці насьмешка неадпаведная, а толькі падзяка Богу.
5 Вось гэта ведайце і будзьце перакананымі, што ні адзін распусьнік або нячысты ці сквапны, што зьяўляецца ідаласлужэньнем, ня мае ўдзелу ў валадарстве Хрыстовым і Божым.
6 Хай ніхто вас ня зводзіць пустымі словамі. Дзеля іх жа паў гнеў Божы на сыноў недаверства.
7 Дык не станьцеся ўдзельнікамі іх лёсу.
8 Былі бо вы калісьці цемраю, а цяпер вы — сьвятло праз Госпада, дык як сыны сьвятла і жывіце.
9 Плод жа сьвятла выяўляецца ўсякай дабратой і справядлівасьцю, і праўдай.
10 Глядзіце, што падабаецца Богу.
11 Не прымайце ўдзелу ў бясплодных справах цемры, а выкрывайце іх.
12 Бо не прыстойна і казаць аб тым, што робіцца тайна, хаваючыся.
13 Усё, што ганіцца, становіцца яўным, бо ўсё, што выкрывае, зьяўляецца сьвятлом.
14 Таму Пісьмо Сьвятое кажа: "Устань, каторы сьпіш, і падыміся з умёршых, і асьвеціць цябе Хрыстус".
15 І так глядзіце, браты, асьцярожна вядзіце сябе, не як неразумныя,
16 але як мудрыя, карыстаючыся часам, бо дні цяпер ліхія.
17 Дзеля таго не станьцеся неагляднымі, але разумеючымі волю Божую.
18 Не піце лішне віна, у якім прычына распуснасьці, але напаўняйцеся Духам Сьвятым,
19 сьпяваючы між сабою псальмы і гімны, і кантыкі духоўныя; сьпявайце і хваліце Госпада ў сэрцах вашых.
20 Дзякуйце заўсёды Богу і Айцу за ўсё ў імя Госпада нашага Езуса Хрыстуса.
21 Падпарадкоўвайцеся адны адным у баязьні Хрыстовай.
22 Жанчыны хай слухаюць мужоў сваіх, як Госпада,
23 бо муж — галава жанчыны, як Хрыстус — галава Касьцёла, сам Збаўца — галавой цела свайго.
24 Але, як Касьцёл падчыняецца Хрыстусу, так і жонкі ў ва ўсім мужам сваім.
25 Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстус любіць Касьцёл і самога сябе выдаў за яго,
26 каб асьвяціць яго, ачышчаючы купельлю вады і словам жыцьця,
27 каб стварыць самому сабе слаўны касьцёл, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб б сьвяты і беззаганны.
28 Так і мужы павінны мілаваць жонак сваіх, як уласныя целы. Хто сваю жонку любіць, сам сябе любіць.
29 Ніхто бо ніколі не меў у нянавісьці цела свайго, але корміць і спагадае яму, як Хрыстус Касьцёлу,
30 бо мы зьяўляемся таксама часткамі цела Яго, мы з цела Яго і з касьцей Ягоных.
31 "Дзеля таго пакіне чалавек бацькоў сваіх і прылучыцца к жонцы сваёй, і будуць двое ў адным целе".
32 Гэта вялікая таямніца, а я скажу: у Хрыстусе і ў Касьцёле.
33 Вось жа і вы паасобку і кожны з вас хай любіць жонку сваю, як сам сябе, а жонка хай жа паважае мужа свайго.