1 Умольваю тады вас я, вязень Госпадаў, каб вы вялі сябе паводле пакліканьня, якога вы ўдастены,
2 з усёю пакорлівасьцю і ласкавасьцю, з церпялівасьцю і любоўю, адны адных пераносячы,
3 рупліва зьберагаючы адзінства Духа ў супакою.
4 Адно цела і адзін Дух, як пазваныя вы адною надзеяю пакліканьня вашага.
5 Адзін Госпад, адна вера, адзін (той самы) хрост.
6 Адзін Бог і Айцец усіх. Ён над усімі і ў ва ўсім і ў ва ўсіх нас.
7 Кожнаму ж з нас дадзена ласка па меры дару Хрыстовага.
8 Таму вось кажа Пісаньне: "Узыходзячы на вышыню, павёў здабытую здабычу ў няволю, даў людзям дары".
9 Што ж значыць "узыходзячы", што перш сышоў у глыбейшыя нетры зямлі.
10 Хто сышоў, той самы і ўступіў, узыйшоў вышэй усяго неба, каб усё перапоўніць.
11 І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, а яшчэ іншых настаўнікамі і доктарамі
12 на ўдасканаленьне сьвятых, для патрэбы служэньня, для збудаваньня Цела Хрыстовага.
13 Аж пакуль не дойдзем да адной веры і пазнаньня Сына Божага да чалавека беззаганнага па меры веку паўнаты Хрыстовай,
14 каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, кіданымі ўсякім ветрам навукі сапсаваных людзей і дурманячых ашуканствам.
15 Трымаючыся праўды, расьцём у міласьці, перад усім у тым, хто зьяўляецца Галавой — Хрыстус.
16 З Яго ўсё Цела састаўлена і спаяна ўсякую сувязьзю, успамогаю паводле дзейнасьці на меру паасобнага члена прычыняцца да росту цела на пабудову сваю ў міласьці.
17 Вось аб гэтым кажу і заклінаю ў Госпадзе, каб вы ўжо не паступалі так, як паганцы, што вядуцца ў пустаце ў сваёй змысловасьці,
18 маючы атупелы розум, аддалення ад жыцьця Божага дзеля няведаньня, трываючага ў іх праз асьляпленьне іхняга сэрца.
19 Яны адурманеныя і аддалі саміх сябе на распусту і пошукі ўсякай люботнасьці.
20 Але вы не такога пазналі Хрыстуса,
21 калі толькі вы пра Яго чулі і калі на Ім вучыліся, таму што праўда ў Езусе.
22 Пакіньце жыць паводле абычаю старога чалавека, прападаючага ў абманнай змысловасьці.
23 Аднавіцеся ж розумам (духам розуму вашага) і
24 апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам у справядлівасьці і сьвятасьці праўды.
25 Дзеля таго перастаньце лгаць, кажучы праўду кожны свайму бліжняму, бо мы — часткі адны адных.
26 Гневаючыся не грашыце, хай сонца не заходзіць у гневе вашым.
27 І не давайце месца д'яблу.
28 Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе, зарабляючы рукамі сваімі карыснае, каб меў чым у патрэбе ўспамагчы патрабуючага.
29 Усякая ліхая гаворка хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрая, на збудаваньне веры, каб была мілай слухаючым.
30 Не засмучайце Сьвятога Духа Божага, якім вы пазначаны на дзень адкупленьня.
31 Хай счэзне у вас усякая прыкрасьць, гнеў і злосьць, звадка і ачарненьне і ўсякая злоснасьць.
32 Будзьце ж паміж сабой спагаднымі, міласэрнымі, адпускайцеся адны адным, як і Бог адпусціўся вам у Хрыстусе.