1 Адносна складак, што зьбіраюцца на сьвятых, дык і вы рабіце, як я загадаў цэрквам у Галятыі.
2 Хай у першы дзень тыдня кожны з вас адкладзе ў сябе і зьберажэ, што ўважае за карыснае, каб не зьбіраць тады як я прыбуду.
3 Калі ж я паяўлюся, дык праз тых, каторых прызнаеце вы за дастойных, пашлю дар ваш з лістамі ў Ерузалім,
4 а калі б аказалася патрэбным і мне пайсьці, дык яны пойдуць разам са мною.
5 Я прыйду да вас, калі буду варочацца з Македоніі, бо праз Македонію толькі праходам прайду.
6 У вас, магчыма, застануся або нават перазімую, каб вы мяне правялі, куды выбяруся ісьці.
7 Не хачу вас мімаходам пабачыць. Маю надзею, што нейкі час пабуду ў вас, калі Бог дазволіць.
8 А ў Эфэзе прабуду да Пяцідзесятніцы,
9 бо там адкрылася мне вялікая і надзейная брама, але многа праціўнікаў.
10 Калі б паявіўся ў вас Цімафей, дык глядзіце, каб быў бяз страху ў вас, бо ён робіць справы Госпада, як і я.
11 Дык хай ніхто ня гардзіць ім. Прывядзіце яго спакойна да мяне, бо чакаю яго разам з братамі.
12 Што да брата Апалёса, дужа прасіў я яго, каб прыбыў да вас з братамі, але ён ня меў цяпер ахвоты прыйсьці, але прыйдзе, калі будзе мець магчамасьць.
13 Чувайце, будзьце стойкімі ў веры, трымайцеся мужна, будзьце дужымі.
14 Хай усё ў вас дзеецца ў любові.
15 Прашу вас, браты: вы ведаеце сям'ю Сьцяпанаву, што яны ёсьць першакамі ў Ахаі і пасьвяціліся на паслугу сьвятым,
16 каб вы былі паслухмяныя такім і ўсім, хто дапамагае нам і працуе.
17 Цешуся ж прысутнасьцю Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка, бо замянілі мне яны вашу адсутнасьць,
18 бо падбадзёрылі яны майго і вашага духа. Дык шануйце такіх.
19 Вітаюць вас цэрквы Азіі. Шчыра вітаюць вас у Госпадзе Аквіля і Прыска разам з царквою, што ў іх доме.
20 Вітаюць вас усе браты. Паздароўкайцеся ўзаемна сьвятым пацалункам.
21 Прывітаньне маёю рукою, Паўлавай.
22 Калі хто ня любіць Госпада, хай будзе пракляты! Мараната!
23 Хай ласка Госпада Езуса будзе з вамі.
24 Любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Езусе.