Библия Чарняўскі-99 Пераклад Чарняўскага 1999

1 да Карынцянаў, 7 1-ы ліст да Карынцянаў, 7 глава

1 Адносна тога, што вы пісалі да мяне, дык добра чалавеку не дакранацца жанчыны.
2 Але з увагі на распусту кожны хай мае сваю жонку, і жонка кожная хай мае свайго мужа.
3 Хай муж аддае належнае жонцы, падобна і жонка мужу.
4 Жонка ня мае ўлады над сваім целам, але муж. Падобна і муж ня мае ўлады над сваім целам, але жонка.
5 Не ўхіляйцеся адно ад другога, хіба толькі з узаемнай згоды, да часу, каб прысьвяціць сябе малітве, і потым зноў зыходзьцеся разам, каб шатан не спакушаў вас праз непаўстрыманасьць вашую.
6 Кажу гэта як параду, а не як загад.
7 Хацеў бы, каб усе людзі былі, як я, але кожны мае свой дар ад Бога: адзін так, другі інакш.
8 Нежанатым жа і ўдовам кажу: Добра ім заставацца так, як я.
9 Калі б не маглі паўстрымацца, хай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца.
10 Тым жа, што жывуць у сужэнстве, загадваю ня я, але Госпад, каб жонка не адлучалася ад мужа.
11 Калі б, аднак, разлучыліся б, хай застаецца незамужняй, або хай пагодзіцца з мужам. Таксама і муж хай не пакідае жонкі.
12 Іншым жа кажу я, а ня Госпад: Калі хто з братоў мае жонку няверучую, і яна згаджаецца жыць з ім, дык хай не пакідае яе.
13 Таксама і жонка, маючая ня веручага мужа, калі ён згаджаецца жыць з ёю, хай не пакідае мужа.
14 Бо няверучы муж асьвячаецца ў жонцы, а няверучая жонка асьвячаецца ў веручым мужу. Інакш вашыя дзеці былі б нячыстымі, а цяпер — сьвятыя.
15 А калі няверучы хоча адыйсьці, хай адыходзіць. Брат або сястра ў гэткіх выпадках не зьвязаны. Да згоды паклікаў нас Госпад.
16 Скуль, дарэчы, можаш ведаць, жана, ці ня збавіш свайго мужа? Або скуль ведаеш, муж, ці ня збавіш сваю жонку?
17 Зрэшты, хай кожны жыве так, як Госпад яму прызначыў ды да чаго паклікаў; і гэтак я вучу ва ўсіх цэрквах.
18 Калі хто пакліканы як абразаны, хай не хавае абразаньня! А калі хто пакліканы (да веры) як неабразаны, хай не прыймае абразаньня.
19 Абразаньне ёсьць нішто, і неабразаньне ёсьць нішто, але (важна) выпаўненьне прыказаньняў Божых.
20 Дык хай кожны застаецца ў такім стане, у якім быў пакліканы.
21 Быў ты пакліканы як нявольнік? Не турбуйся! Але калі можаш стацца вольным, скарыстай з гэтага!
22 Бо хто пакліканы ў Госпадзе як нявольнік, ёсьць вызваленцам Госпадавым. Падобна і той, хто пакліканы як вольны, стаецца нявольнікам Хрыстовым.
23 Вялікаю цаною вы здабытыя! Дык ня будзьце нявольнікамі людзей.
24 Браты, хай кожны трывае перад Богам у такім стане, у якім быў пакліканы.
25 Што да дзявоцтва, загаду Госпада ня маю, але даю параду як той, хто з ласкі Божай дастойны веры.
26 Дзеля надыходзячых патрэбаў за лепшае лічу, што добра так застацца жыць чалавеку.
27 Калі ты жанаты, ня думай разводзіцца! Калі свабодны, не шукай жонкі.
28 Калі ж ажэнішся, не саграшыш. Падобна і дзяўчына, калі ідзе замуж, не грашыць. Такія аднак будуць мець клопаты з целам, а я хацеў бы вас ад яго ўхаваць.
29 Кажу, браты, што час кароткі! Дык трэба, каб тыя, што маюць жонкі, жылі як нямаючыя;
30 і тыя, што плачуць, быццам ня плакалі, і тыя, што цешацца, як бы ня цешыліся, і тыя, што купляюць, быццам не набывалі,
31 і тыя, што карыстаюцца гэтым сьветам, як бы не карысталіся. Бо праходзіць вобраз гэтага сьвету.
32 Хацеў бы, каб вы былі бяз клопату. Чалавек нежанаты рупіцца пра справы Госпада, як падабацца Госпаду.
33 А хто жанаты, клапоціцца пра справы сьвету, як падабацца жонцы,
34 і таму разгублены. Падобна жанчына незамужняя і дзяўчына рупіцца пра справы Госпадавы, каб была сьвятой і целам, і духам; а якая замужам, клапоціцца пра сьвецкія справы, як падабацца мужу.
35 Кажу гэта на вашу карысьць, не каб паставіць вам пастку, але каб вы дастойна і безперапынна стаялі пры Госпадзе.
36 Калі хто, аднак, лічыць за няслаўнае адносна дзяўчыны сваёй, што яна перацьвіла, ды ён перакананы, што павінен так зрабіць, хай робіць, як хоча; гэтым не грашыць, хай выходзіць замуж.
37 А калі хто не з прымусу, але з вольнай волі наважыўся ў сваім сэрцы захаваць у чыстасьці сваю дзяўчыну, добра робіць.
38 Дык хто аддае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не аддае замуж, яшчэ лепш робіць.
39 Жонка зьвязана (законам), пакуль яе муж жыве, а як муж памрэ, можа выйсьці за каго захоча, толькі ў Госпадзе.
40 Шчасьлівейшая аднак будзе, калі застанецца так, паводле маёй парады. А думаю, што я таксама маю Духа Божага.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

1-ы ліст да Карынцянаў, 7 глава. Пераклад Чарняўскага 1999

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Толкование Иоанна Златоуста
  12. Толкование Феофилакта Болгарского
  13. Новый Библейский Комментарий
  14. Лингвистический. Роджерс
  15. Комментарии Давида Стерна
  16. Ветхий Завет в Новом
  17. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.