1 Калі б я гаварыў мовамі людзей або анёлаў, а любові ня меў бы, я быў бы як медзь зьвінячая, або цымбалы гудзячыя.
2 І калі б я меў дар праракаваньня ды зьведаў усе тайны і ўсякую веду, і меў усю веру, што і горы пераносіў, але любові ня меў бы, я быў бы нішто.
3 І калі б раздаў на бедных усю сваю маёмасьць і цела сваё аддаў на спаленьне, але любові ня меў бы, ніякай мне з гэтага карысьці.
4 Любоў цярплівая, любоў ласкавая, не зайздросная, не ганарыстая, не пыхлівая,
5 не амбітная, не шукае свайго, не гняўлівая, не памятае зла,
6 ня цешыцца з несправядлівасьці, але радуецца з праўды,
7 усё пераносіць, ва ўсё верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.
8 Любоў ніколі не зьнікае. А вось прароцтвы, счэзнуць, і мовы змоўкнуць, і веда занепадзе.
9 Бо мы часткова пазнаём і часткова праракуем.
10 Калі ж надыйдзе дасканалае, саступіць тое, што частковае.
11 Калі я быў дзіцём, гаварыў па-дзіцячаму, разумеў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, а як стаў мужам, вызбыўся таго, што дзіцячае.
12 Цяпер мы бачым быццам праз (мутнае) шкло, невыразна, а тады (убачым) тварам у твар. Цяпер пазнаю часткова, а тады пазнаю поўнасьцю, як я сам пазнаны.
13 Дык цяпер бытуюць вера, надзея і любоў; а з гэтых трох найважнейшая — любоў.