1 Хай уважаюць нас людзі за слугаў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.
2 Ад аканомаў жа вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным.
3 Мяне мала турбуе, што вы ці суд людзкі вырашыць аба мне. Але і я сам сябе не суджу.
4 Бо хоць я не пачуваюся ні ў чым вінаватым, гэтым яшчэ не апраўданы. Госпад — Той, хто судзіць мяне.
5 Дык не судзіце заўчасна, пакуль ня прыйдзе Госпад, каторы асьвеціць тое, што ў цемры скрыта, ды выявіць намеры сэрцаў. Тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
6 Гэта вось, браты, аднёс я да сябе і да Апалёса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не выносіцца вышэй таго, што напісана; ды каб ніхто ў сваёй пыхлівасьці не падымаўся адзін над другім.
7 Хто бо цябе адзначае? Ды што ты маеш, чаго б не атрымаў? Калі ж ты атрымаў, дык нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?
8 Вы ўжо насыціліся і сталіся ўжо багатымі, без нас ужо каралюеце. О каб вы на самай справе каралявалі, ды каб і мы з вамі разам маглі караляваць!
9 Вось я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў як апошніх, быццам на сьмерць асуджаных. Сталіся мы відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей.
10 Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысьце; мы кволыя, а вы дужыя; вас шануюць, а намі грэбуюць.
11 Аж да гэтай пары мы галадаем, смагнем, у нагаце ходзім, бітыя і выгнаныя,
12 і працуем, робячы рукамі нашымі; праклінаныя, мы багаславім; перасьледаваныя, церпім;
13 зьневажаныя, з любоўю адказваем; мы сталіся быццам сьмецьце гэтага сьвету, агідай для ўсіх аж дасюль.
14 Не пішу гэтага, каб вас засароміць, але каб вам, як найдаражэйшым маім дзеткам, даць напамін.
15 Бо хоць бы вы мелі ў Хрысьце тысячу выхавацеляў, але ня шмат бацькоў, бо я ў Хрысьце Езусе праз Эвангельле нарадзіў вас.
16 Дык прашу вас, будзьце маімі пераймальнікамі.
17 Дзеля гэтага пасылаю да вас Цімафея, які ёсьць сын мой найдаражэйшы і верны ў Госпадзе, ён вам прыгадае шляхі мае ў Хрысьце ды тое, аб чым я навучаю ўсюды ў кожнай царкве.
18 Некаторыя заганарыліся, быццам я ня маю намеру наведаць вас.
19 Але я прыйду неўзабаве да вас, калі Госпад дазволіць, і спазнаю ня словы ганарыстых, але чыны,
20 бо Каралеўства Божае не ў словах, але ў чыне.
21 Што хочаце? Ці каб з дубцом да вас я прыйшоў, ці з любоўю і духам лагоднасьці?