1 Пасля гэтага пакінуў ён Атэны ды прыбыў у Карынт.
2 Тут напаткаў ён нейкага Юдэя, на імя Аквіла, родам з Понта, які прыбыў нядаўна з Італіі, і жонку яго Прысцылу, бо Клаўдзій загадаў выселіць з Рыма ўсіх Юдэяў, і ён прыйшоў да іх.
3 А займаўся ён тым жа рамяством, таму застаўся ў іх і працаваў; а рамяством іх было майстраванне палатак.
4 І ў кожную суботу дыспутаваў у сінагозе ды пераконваў Юдэяў ды Грэкаў.
5 Калі ж прыйшлі Сіла і Цімафей з Мацэдоніі, Паўла выключна аддаўся слову, сведчачы Юдэям, што Ісус ёсць Хрыстос.
6 А калі пярэчылі яму і блюзнілі, атрасаў сваё адзенне ды казаў ім: «Кроў вашая на вашу галаву! Я чысты. Ад гэтай гадзіны пайду да паганаў».
7 І перайшоў адтуль, і ўвайшоў у дом аднаго богабаязнага чалавека, імем Ціт Юстус, дом якога быў побач з сінагогай.
8 Начальнік жа сінагогі, Крысп, з усім сваім домам уверыў у Госпада, і многа Карынцянаў, слухаючы, уверылі і прынялі хрост.
9 Уночы Госпад сказаў Паўлу ў з’яве: «Не бойся, але гавары і не маўчы,
10 бо Я з табою, і ніхто не кране цябе, каб пашкодзіць табе, бо многа ў Мяне ў гэтым горадзе народа».
11 Дык застаўся, навучаючы іх слову Божаму год ды шэсць месяцаў.
12 А калі Галіён стаўся праконсулам Ахаі, Юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўлы і прывялі яго на суд,
13 кажучы: «Ён падгаворвае людзей, каб славілі Бога не паводле закону».
14 Калі ўжо Паўла пачынаў адкрываць вусны, Галіён сказаў Юдэям: «Калі б быў які праступак або злачынства, о Юдэі, дык я заняўся б вамі.
15 Але калі вы спрачаецеся пра словы і назовы ды пра ваш закон, дык самі разбірайцеся. Я не хачу быць суддзёю ў гэтым».
16 Затым выгнаў іх з суда.
17 А ўсе, схапіўшы начальніка сінагогі Састэна, білі яго перад судом, але Галіён не звяртаў на гэта ўвагі.
18 А Паўла, яшчэ шмат дзён прабыўшы там, развітаўся з братамі ды разам з Прысцылай і Аквілам паплыў у Сірыю, а ў Кенхрах абстрыг галаву, бо такое зрабіў абяцанне.
19 І дабраліся да Эфеса, і там ён іx пакінуў, а сам, увайшоўшы ў сінагогу, дыспутаваў з Юдэямі.
20 Калі ж прасілі яго, каб заставаўся даўжэй, не згадзіўся,
21 але, развітваючыся з імі, сказаў: «Вярнуся да вас, калі Бог захоча», і паплыў з Эфеса.
22 Прыбыўшы ў Цэзарэю, ён з’явіўся [у Ерузаліме] і прывітаў царкву і накіраваўся ў Антыёхію.
23 Забавіўшыся нейкі час там, зноў падаўся ў дарогу, падарожнічаючы паслядоўна праз Галатыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ў веры ўсіх вучняў.
24 Адзін жа Юдэй, на імя Апалос, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і моцны ў Пісанні, прыбыў у Эфес.
25 Настаўлены быў ён на шлях Госпада і, палаючы Духам, гаварыў ды навучаў рупліва пра Ісуса, ведаючы толькі Янаў хрост.
26 Ён пачаў адважна дзейнічаць у сінагогах. Калі пачулі яго Прысцыла і Аквіла, забралі яго з сабой ды выяснілі яму шлях Божы.
27 А калі задумаў ён ісці ў Ахаю, то браты, узрушаныя, напісалі ліст да вучняў, каб прынялі яго. Калі ж ён прыбыў, дапамагаў многа тым, што ўверылі праз ласку,
28 бо рашуча і прылюдна абвяргаў Юдэяў, даводзячы з Пісання, што Ісус ёсць Хрыстос.