1 І сталася ў Іконіі, што падобным чынам увайшлі яны ў Юдэйскую сінагогу і прамаўлялі так, што вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў уверыла.
2 Але тыя Юдэі, што не ўверылі, падбуралі і раздражнялі паганаў супраць братоў.
3 Аднак Паўла і Барнаба прабылі там доўгі час, дзейнічаючы з вераю ў Госпада, Які сведчыў слова ласкі Сваёй, даючы цуды і знакі, якія чыніў іх рукамі.
4 Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі.
5 Калі, аднак, пагане і Юдэі сумесна з начальнікамі сваімі пачалі намагацца, каб зняважыць іх і ўкаменаваць,
6 уцяклі ў гарады Лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іх ваколіцы,
7 і там неслі добрую вестку.
8 І сядзеў у Лістры адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэння свайго, які ніколі не хадзіў.
9 Ён пачуў, што казаў Паўла. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, каб быць збаўленым,
10 сказаў моцным голасам: «Стань проста на ногі твае!» І той падскочыў і стаў хадзіць.
11 І людзі, бачачы, што ўчыніў Паўла, узвысілі голас свой, кажучы па-лікаонску: «Багі сталіся падобнымі да людзей і сышлі да нас!»
12 І назвалі Барнабу Юпітэрам, а Паўлу — Меркурыем, бо ён быў правадыром у слове.
13 А святар храма Юпітэра, які быў перад горадам, прывёў да брамы валоў ды прынёс вянкі і хацеў разам з народам скласці ахвяру.
14 Калі пра гэта даведаліся Барнаба і Паўла, раздзёрлі адзенне ды кінуліся ў народ, крычучы
15 і кажучы: «Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі смяротныя, падобныя да вас, нясём вам добрую вестку, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасцей да Бога жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх ёсць.
16 Дапусціў Ён у даўнейшых пакаленнях, каб народ кожны хадзіў сваімі дарогамі,
17 але не пераставаў сведчыць аб Сабе, чынячы дабро, даючы вам дажджы, урадлівую пару, напаўняючы ежай і радасцю сэрцы вашыя».
18 І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.
19 Тым часам падышлі Юдэі з Антыёхіі і Іконіі, і, падбурыўшы людзей, укаменавалі Паўлу ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.
20 Але калі сабраліся вакол яго вучні, узняўшыся, пайшоў у горад. А на другі дзень разам з Барнабам накіраваўся ў Дэрбу.
21 І ў гэтым горадзе прапаведавалі Евангелле, і навучалі многіх, а пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,
22 умацоўваючы душы вучняў, заахвочваючы іх да трывання ў веры, бо, каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба прайсці праз многа прыцясненняў.
23 Потым з малітвай і постам для кожнай царквы прызначылі з іх ліку старэйшых ды даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.
24 І, праходзячы ў Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію,
25 і прапаведавалі слова ў Пэрге, а затым пайшлі ў Аталію.
26 І адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.
27 І, калі прыйшлі і склікалі царкву, расказалі, што ўчыніў Бог з імі, ды як адкрыў Ён дзверы веры паганам.
28 І шмат часу былі яны сярод вучняў.