1 Аднойчы Пётра і Ян уваходзілі ў святыню а гадзіне дзевятай маліцца.
2 І ўносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння маці сваёй, якога клалі штодзень ля брамы святыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласціны ва ўваходзячых у святыню.
3 Ён, убачыўшы Пётру і Яна, што збіраліся ўвайсці ў святыню, прасіў, каб далі яму міласціну.
4 Тады Пётра з Янам, гледзячы на яго, сказалі: «Зірні на нас!»
5 А ён глядзеў на іх, спадзеючыся нешта ад іх атрымаць.
6 Тады Пётра сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне, але што маю, тое дам табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэта ўстань і хадзі!»
7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго; і зараз акрэплі ногі і стопы яго,
8 і ён, ускочыўшы, стаў на нагах, і хадзіў ды ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, і падскокваючы, і славячы Бога.
9 І ўвесь народ убачыў яго, як хадзіў і славіў Бога,
10 і пазнавалі яго, што гэта той самы чалавек, які дзеля міласціны сядзеў ля Прыгожай брамы святыні; дык напоўніла іх здзіўленне і недаўменне з прычыны таго, што напаткала яго.
11 А як ён трымаўся Пётры і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх у прысенак, званы Саламонавым.
12 Бачачы гэта, Пётра прамовіў да народа: «Мужы Ізраэльскія, чаму дзівіцеся з гэтага ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або пабожнасцю справілі тое, што ён ходзіць?
13 Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Слугу Свайго Ісуса, Якога вы выдалі ды адракліся перад абліччам Пілата, калі ён вырашыў вызваліць Яго;
14 вы ж адракліся Святога і Справядлівага і прасілі падараваць вам забойцу,
15 а Правадыра жыцця забілі, але Бог падняў Яго з мёртвых, і мы — сведкі гэтага.
16 І дзеля веры ў імя Яго — гэтага, якога вы бачыце і ведаеце, умацавала імя гэта, і вера, што праз Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад вамі ўсімі.
17 Але я цяпер ведаю, браты, што гэта вы зрабілі па няведанні, як і начальнікі вашыя;
18 А Бог такім чынам здзейсніў тое, што прадказаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Хрыстос Яго будзе цярпець.
19 Дык пакутуйце і навярніцеся, каб грахі вашыя былі скасаваныя,
20 каб насталі часы астуды ад Госпада і каб Ён паслаў Таго, Якога прадказаў вам, Хрыста Ісуса,
21 Якога неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўлення ўсяго, што спрадвеку прадказваў Бог вуснамі святых Сваіх прарокаў.
22 Майсей жа сказаў: «Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
23 І будзе: кожная душа, якая не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранена з народа».
24 І прадказвалі гэтыя дні таксама ўсе прарокі ад часоў Самуэля і тыя, што пасля яго прамаўлялі.
25 Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з бацькамі вашымі, калі, кажучы, сказаў Абрагаму: «У патомстве тваім блаславёныя будуць усе зямныя народы».
26 Вам найперш Бог, паставіўшы Слугу Свайго, паслаў Яго, каб блаславіў кожнага з вас на тое, каб кожны адвярнуўся ад нягоднасці вашай».