1 Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсць у Хрысце Ісусе,
2 і, што чуў ты ад мяне пры многіх сведках, гэта перадай верным людзям, якія здольны і другіх навучыць.
3 Перанось цяжкасці як добры жаўнер Хрыста Ісуса.
4 Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы зямныя, каб падабацца таму, хто яго выбраў.
5 Бо і той, хто змагаецца, не стане пераможцам, калі змагаецца незаконна.
6 Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі.
7 Зразумей, што кажу: хай дасць табе Госпад ва ўсім розум.
8 Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста з семя Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Евангелля майго,
9 дзеля якога працую аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга звязаць.
10 Вось, я ўсё раблю дзеля выбраннікаў, каб яны атрымалі збаўленне, якое ў Хрысце Ісусе са славаю вечнай.
11 Вернае слова: калі мы з Ім памерлі, дык з Ім жыць будзем;
12 калі церпім, дык з Ім валадарыць будзем, калі зрачомся Яго, дык і Ён нас зрачэцца;
13 калі мы зняверымся, дык Ён верным застанецца, бо Сам Сябе зрачыся не можа.
14 Пра гэта нагадвай, сведчачы перад Богам, каб не спрачаліся, бо гэта нічога не дасць, хіба толькі сапсуе слухачоў.
15 Пільна рупся паказацца годным перад Богам, працаўніком беззаганным, які прымае з павагай слова праўды.
16 Пустой жа гаворкі высцерагайся, бо яна яшчэ больш спрычыніцца да бязбожнасці,
17 і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; з такіх вось Гіменэй і Філет,
18 якія размінуліся з праўдай, кажучы, што ўваскрэсенне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры.
19 Але цвёрды падмурак Божы стаіць, маючы такую пячатку: «Пазнаў Госпад, хто ёсць Яго», і «Хай аддаліцца ад нягоднасці кожны, хто вызнае імя Госпада».
20 У вялікім жа доме маюцца не толькі залатыя і срэбраныя начынні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя — у пашане, другія — у ганьбе.
21 Дык вось, калі хто ачысціў сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, усвечанай, карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсялякай добрай справы.
22 Высцерагайся пажаданняў юнацкіх, але трымайся справядлівасці, веры, любові, супакою з тымі, што чыстым сэрцам заклікаюць Госпада.
23 Ухіляйся дурных і бязглуздых пытанняў, ведаючы, што яны даводзяць да звадкі.
24 Слузе ж Божаму не выпадае вадзіцца, а трэба быць ветлівым з усімі, вучыцелем цярплівым,
25 які лагодна выпраўляе тых, што працівяцца, можа, дасць ім Бог навяртанне дзеля пазнання праўды,
26 каб вырваліся з путаў д’ябла; апутаныя імі, яны яго паднявольныя.