Псальмаў 74 псалом

Кніга Псальмаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Перевод Десницкого

 
 

Маскіль. Асафа. Чаму, Божа, Ты адпіхнуў нас да скону, няўжо ўзгарэўся гнеў Твой на авечак пашы Тваёй?
 

Успомні пра сход Твой, якім Ты завалодаў ад пачатку. Ты адкупіў жазло спадчыны Тваёй, гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.
 

Узнясі крокі Твае да вечных руін: усё знішчыў непрыяцель у святыні.
 

Равуць тыя, што ненавідзяць Цябе, пасярод сходу Твайго; усклалі яны знакі свае як знакі [перамогі].
 

Яны прыпадобнілі сябе да тых, што высока ўзносяць сякеру ў лясным гушчары.
 

Разбілі яны дзверы яе ўшчэнт; зруйнавалі бердышамі і сякерамі.
 

Падпалілі яны агнём свяцілішча Тваё, ганебна скінулі на зямлю хорам імя Твайго;
 

прамовілі яны ў сэрцы сваім: «Знішчым іх усіх разам». Спалілі яны ўсе святыні Божыя на зямлі.
 

Знакаў нашых мы не бачым, ужо няма прарока, і няма ў нас таго, які б ведаў, як доўга гэта будзе.
 

Дакуль жа, Божа, будзе здзекавацца непрыяцель? Ці ж вечна будзе знеслаўляць праціўнік імя Тваё?
 

Чаму ж Ты адводзіш руку Тваю і трымаеш правіцу Тваю за пазухай Тваёй?
 

Але ж Бог — наш цар спрадвеку, учыніў Ён збаўленні пасярод зямлі.
 

Ты рассек мора магуццем Тваім, сцёр галовы драконаў у водах.
 

Ты растаптаў галовы Левіятана, аддаў яго на ежу марскім страшыдлам.
 

Ты прабіў крыніцы і ручаі; Ты высушыў велічныя рэкі.
 

Твой дзень і Твая ноч; Ты змайстраваў свяцілы і сонца.
 

Ты ўсталяваў усе межы зямлі, лета і зіму — Ты стварыў гэта.
 

Помні пра гэта: непрыяцель зняважыў Госпада, і народ неразумны зняславіў імя Тваё.
 

Не аддавай звярам душы тых, што вызнаюць Цябе, і не забудзь навечна пра душы бедных Тваіх.
 

Зірні на запавет, бо сховы зямныя поўныя прыбежышчаў гвалту.
 

Хай пакорлівы не вяртаецца пасаромленым; бедны і ўбогі хай хваляць імя Тваё.
 

Уздыміся, Божа, будзь суддзёю ў справе Тваёй; памятай пра ганьбаванні Твае, якія цэлы дзень спараджае неразумны.
 

Не забывайся на галасы непрыяцеляў Тваіх; заўсёды ўздымаецца гоман праціўнікаў Тваіх.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.