Псальмаў 118 псалом

Кніга Псальмаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Перевод Десницкого

 
 

Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго.
 

Хай кажа цяпер дом Ізраэля, што Ён добры, што вечная міласэрнасць Яго.
 

Хай кажа цяпер дом Аарона, што вечная міласэрнасць Яго.
 

Хай кажуць цяпер тыя, што шануюць Госпада, што вечная міласэрнасць Яго.
 

У бядзе я звярнуўся да Госпада, і выслухаў мяне Госпад, Які выводзіць на прастору.
 

Госпад — Успаможца мой; не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?
 

Госпад са мною, і я з пагардаю зірну на непрыяцеляў маіх.
 

Лепш бегчы да Госпада, чым спадзявацца на чалавека.
 

Лепш бегчы да Госпада, чым давярацца князям.
 

Усе паганы абступілі мяне кругом, і вынішчыў я іх у імя Госпада.
 

Абступаючы, акружаюць яны мяне, і вынішчыў я іх у імя Госпада.
 

Акружылі мяне, як пчолы, і ўзгарэліся, як агонь у цернях; і вынішчыў я іх у імя Госпада.
 

Піхаючы, штурхалі мяне, каб я паваліўся, і Госпад успамог мне.
 

Цвярдыня мая і хвала мая — Госпад, і стаўся Ён збаўленнем для мяне.
 

Гоман услаўлення і збаўлення чуецца ў палатках справядлівых:
 

«Правіца Госпада стварае магутнасць, правіца Госпада ўзвышае мяне, правіца Госпада стварае магутнасць!»
 

Не памру я, але буду жыць і раскажу пра справы Госпада.
 

Караючы, пакараў мяне Госпад, але смерці мяне не аддаў.
 

Адчыніце мне брамы справядлівасці; увайшоўшы праз іх, вызнаваць буду Госпада.
 

Гэта брама Госпада, справядлівыя ўвойдуць праз яе.
 

Буду вызнаваць Цябе, бо Ты выслухаў мяне і стаўся збаўленнем для мяне.
 

Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла.
 

Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых.
 

Вось жа дзень, які ўчыніў Госпад: давайце радавацца і весяліцца ў ім.
 

О, Госпадзе, збаў мяне, о, Госпадзе, дай шчаслівае жыццё!
 

Дабраславёны, хто прыходзіць у імя Госпада. Дабраслаўляем вас з дому Госпада.
 

Бог — Госпад, і Ён асвятліў нас. Падрыхтуйце ахвяру з густым веццем аж да рагоў ахвярніка.
 

Ты — мой Бог, і я буду вызнаваць Цябе, Божа мой, і буду ўзвышаць Цябе.
 

Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.