1 І зноў Ён пачаў вучыць край мора і збіраецца да Яго вялізны натоўп, так што Ён, ступіўшы у човен, сядзеў на моры, а ўвесь натоўп быў на зямлі пры моры.
2 І Ён вучыў іх многаму праз упадабненні і казаў ім у Сваёй навуцы:
3 «Слухайце, вось выйшаў сейбіт сеяць.
4 І было, калі ён сеяў, упала адно на край дарогі, і наляцелі птушкі і падзяублі яго.
5 А другое ўпала на камяністы грунт, дзе няшмат было зямлі, і адразу паўзыходзіла, бо глеба была неглыбокая;
6 І калі ўзышло сонца — выгарала і, таму што не мела карэння, засохла.
7 А іншае ўпала ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі яго, і плоду яно не дало.
8 А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і далі плён, уздымаючыся і ўзрастаючы, і прынеслі і па трыццаці і па шастідзесяці і па ста».
9 І казаў ім: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае!»
10 І калі Ён астаўся адзін, спыталіся ў Яго тыя, што былі пры ім разам з Дванаццаццю пра ўпадабненні.
11 І казаў ім: «Вам дадзена таямніца Божага Царства; тым жа, па-за вамі, усё паўстае ва ўпадабненнях,
12 каб яны гледзячы бачылі, а не ўспрымалі, і слухаючы, чулі, а не разумелі, каб калі не абярнуліся яны, не было даравана ім.
13 І кажа ім: «Не даўмеліся гэтага ўпадабнення, а як зразумееце ўсе ўпадабненні?
14 Сейбіт сее слова.
15 Дык вось тыя, што край дарогі, дзе сеецца слова: калі яны пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае у іх.
16 І гэтак жа пасеяныя на камяністым грунце, яны, калі пачуюць слова, адразу з уцехаю прымаюць яго,
17 ды не маюць кораня ў сабе і дачасныя; пасля, калі надыходзіць уціск або ганенне за слова, адразу надломваюцца.
18 А іншыя, пасеяныя ў церні, гэта тыя, што слухаюць слова,
19 Ды турботы веку і зман багацця ды жаданні чаго-небудзь іншага, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно робіцца бясплодным.
20 А вось тыя, пасеяныя ў добрую зямлю: яны слухаюць слова і прымаюць і прыносяць пажытак па трыццаці і па шасцідзесяці і па ста».
21 І казаў ім: «Хіба на тое прыносіцца каганец, каб паставіць яго пад пасудзну ці пад ложак? А ці не на тое, каб паставіць на падстаўку?
22 Бо няма нічога схаванага, што не адкрыецца, і нічога тайнага, што не выйдзе на яўнае.
23 Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
24 І казаў Ён ім: «Заўважайце, што чуеце; якою мераю вы мерыце, такою будзе адмерана вам і дадзена вам.
25 Бо хто мае, таму будзе дадзена: а хто не мае, і тое, што мае, ад яго забярэцца».
26 І казаў Ён: «Такое Божае Царства: як чалавек, што кіне насенне ў зямлю.
27 І спіць, і ўстае, ўночы і ўдзень, а насенне ўсходзіць і расце — як, ён сам не ведае.
28 Зямля сама з сябе прыносіць плён: спярша рунь, пасля колас, пасля поўнае зерне ў коласе.
29 Калі ж даспее плод, ён адразу пасылае серп, бо надышло жніво».
30 І казаў Ён: «З чым параўнаем Божае Царства ці праз якое ўпадабненне выявім яго?
31 Яно як гарчычнае зерне, што, калі сеецца ў зямлю, найдрабнейшае з усяго насення на зямлі.
32 А калі пасеянае ўздымаецца і робіцца большым за ўсю агародніну і пускае вялікія галіны, так што пад яго ценем могуць гняздацца птушкі нябесныя».
33 І праз многія такія ўпадабненні казаў ім слова, наколькі яны маглі слухаць:
34 А без упадабнення не казаў ім, а Сваім вучням на адзіноце ўсё растлумачваў.
35 І казаў ім у той дзень, калі надышоў вечар: «Пераедзьма на той бок».
36 І яны, адпусціўшы натоўп, бяруць Яго з сабою так, як быў, у чоўне; ды іншыя чоўны былі з Ім.
37 І ўзнімаецца моцны вецер-віхор і хвалі білі ў човен, так што човен ўжо напаўняўся.
38 А Ён быў на карме, сплючы на падушцы. І будзяць Яго і кажуць Яму: «Настаўніку, няўжо Цябе не абыходзіць, што мы гінем?»
39 І, прачнуўшыся, Ён пагразіў ветру і сказаў мору: «Маўчы, суцішся!» І суняўся вецер і настала вялікая ціша.
40 І сказаў Ён ім: «Што вы такія баязлівыя? Чаму веры не маеце?»
41 І яны настрашыліся страхам вялікім і казалі адзін аднаму: «Хто ж гэта Ён, што і вецер і мора слухаюцца Яго?»