1 І адразу раніцаю першасвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сінедрыён, зрабіўшы змову, звязалі Ісуса, адвялі і перадалі Пілату.
2 І спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты Іудзейскі Цар?» Ён жа кажа яму ў адказ: «Ты кажаш».
3 І першасвятары абвінавачвалі Яго ў многім.
4 А Пілат зноў спытаўся ў Яго, кажучы: «Ты нічога не адказваеш? Глядзі, як шмат Цябе абвінавачваюць».
5 Ісус жа больш нічога не адказаў, так што Пілат здзіўляўся.
6 На свята ж ён адпускаў ім аднаго вязня, якога яны прасілі.
7 А быў адзін, якога звалі Варава, зняволены разам з паўстанцамі, што ў часе паўстання учынілі забойства.
8 І, падняўшыся, натоўп пачаў прасіць аб тым, што ён звычайна рабіў для іх.
9 Пілат жа спытаўся ў іх кажучы: «Хочаце, адпушчу вам Цара Іудзейскага?»
10 Бо ён ведаў, што праз зайздрасць выдалі Яго першасвятары.
11 А першасвятары падбухторылі натоўп, каб лепш ён адпусіў ім Вараву.
12 Пілат жа ў адказ зноў сказаў ім: «Што ж мне рабіць з Тым, Каго вы называеце Іудзейскім Царом?»
13 Яны ж зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
14 А Пілат казаў ім: «Што ж зрабіў Ён благое?» А яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
15 Пілат жа, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусціў ім Вараву і выдаў Ісуса пасля бічавання, каб укрыжавалі.
16 Воіны ж адвялі Яго ў сярэдзіну двара, гэта значыць, прэторыю і склікаюць усю кагорту.
17 І апранаюць Яго ў баграніцу і, сплёўшы з церняў вянок, надзяваюць на Яго;
18 І пачалі вітаць Яго: «Радуйся, Цар Іудзейскі!»
19 І білі Яго па галаве шастом і плявалі на Яго і, апускаючыся на калені, кланяліся Яму.
20 І калі наглуміліся з Яго, знялі з Яго баграніцу і апранулі Яго ў Ягонае адзенне. І выводзяць Яго, каб укрыжаваць Яго.
21 І прымушаюць нейкага прахожага Сімана Кірынеяніна, які ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Руфа, каб узяў Яго крыж.
22 І прыводзяць Яго на месца Галгофу, што ў перакладзе значыць: лобнае месца.
23 І давалі Яму запраўленага смірнай віна, але Ён не ўзяў.
24 І ўкрыжоўваюць Яго і дзеляць між сабою вопратку Яго, кінуўшы жэрабя на яе, каму што дастанецца.
25 Было ж тры гадзіны, і Яго ўкрыжавалі.
26 І было напісана абазначэнне Яго віны: Цар Іудзейскі.
27 І з ім укрыжоўваюць двух разбойнікаў, аднаго праваруч, другога леваруч Яго.
28 [І спраўдзілася Пісьмо, што кажа: «І да злачынцаў Яго залічылі.»]
29 І тыя, што побач праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы сваімі галовамі і кажучы: «Гэй, Ты, што храм руйнуеш і за тры дні будуеш,
30 Уратуй Самога Сябе, зыдзі з крыжа!»
31 Гэтаксама і першасвятары глуміліся разам з кніжнікамі, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, Сябе Самога не можа ўратаваць!
32 Хрыстос, Цар Ізраілеў, няхай цяпер зыдзе з крыжа, каб мы ўбачылі і ўверавалі!» Нават укрыжаваныя разам з Ім бэзцілі Яго.
33 І калі надышло шэсць гадзін, настала цемра па ўсёй зямлі аж да дзевяці гадзін.
34 І ў дзевяць гадзін ускрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элаі, Элаі! лама савахфані!», што ў перакладзе значыць: «Божа Мой, Божа Мой! Навошта пакінуў Мяне Ты!»
35 І некаторыя з тых, што стаялі пры ім, пачуўшы, казалі: «Вось, Іллю кліча».
36 А нехта, пабегшы і намачыўшы губку воцатам, насадзіў на мерны шост і даваў яму, кажучы: «Давайце паглядзім, ці прыйдзе Ілля зняць Яго».
37 Ісус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, аддаў дух.
38 І заслона храма разадралася надвое ад верху аж да нізу.
39 А сотнік, што стаяў насупроць Яго, убачыўшы, што Ён гэтак аддаў дух, сказаў: «Сапраўды Гэты Чалавек быў Сын Божы!»
40 Былі ж і жанчыны, што назіралі здалёк, між іх і Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якава Меншага і Іасіта, і Саламея,
41 Тыя, што ішлі ўслед за Ім і прыслугоўвалі Яму, калі Ён быў у Галілеі, і шмат іншых, што разам з Ім узыходзілі ў Ерусалім.
42 І калі ўжо настаў вечар, бо быў падрыхтоўчы дзень, гэта значыць, перад-вечар суботы,
43 Прыйшоў Іосіф з Арымафеі, паважаны радца, што і сам чакаў Божага Царства, і, адважыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў Ісусава цела.
44 Пілат жа здівіўся, што Ён памёр ужо; і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно Ён памёр.
45 І, даведаўшыся ад сотніка, ён падараваў цела Іосіфу.
46 І, купіўшы кужэльнага палатна, той зняў Яго, абгарнуў тым кужалем і паклаў Яго ў магілу, што была высечана ў скале, і прываліў камень да ўваходу ў магілу.
47 А Марыя Магдалена і Марыя Іасітава [маці] глядзелі, дзе паклалі Яго.