1 І калі наблізіся яны да Ерусаліма, да Вітфагіі і Віфаніі, на Аліунай гары, Ён пасылае двух Сваіх вучняў
2 І кажа ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, увайшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое яшчэ ніхто з людзей не садзіўся; адвяжыце яго і прывядзіце.
3 І калі хто вам скажа: «Што гэта вы робіце?», скажьце: «Яно патрэбна Госпаду, і Ён адразу яго адашле зноў сюды».
4 І яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае да варот знадворку на вуліцы, і адвязваюць яго.
5 І некаторыя з тых, што там стаялі, казалі ім: «Што вы робіце, адвязваючы асляня?»
6 Яны ж сказалі ім так, як сказаў Ісус, і тыя адпусцілі іх.
7 І прыводзяць асляня да Ісуса і кладуць на яго сваю вопратку, і Ён сеў на яго.
8 І многія пасцілалі сваю вопратку на дарогу, а іншыя — галінкі, зрэзаўшы іх у палях.
9 І тыя, што шлі перад Ім і ўслед за Ім, усклікалі: «Асанна! Блаславёны той, хто ідзе ў імя Госпада!
10 Блаславёнае царства, што надыходзіць, бацькі нашага Давіда! Асанна ў вышынях!»
11 І Ён увайшоў у Ерусалім у святыню і, агледзеўшы ўсё, — час ужо быў позні — выйшаў у Віфанію з Дванаццаццю.
12 І на другі дзень, калі выйшлі яны з Віфаніі, Ён прагаладаўся.
13 І, убачыўшы здалёку фігавае дрэва, на якім было лісце, падышоў: ці не знойдзе чаго на ім, і, прыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, толькі лісце, бо не была пара фігаў.
14 І, азваўшыся, Ён сказаў яму: «Няхай больш павек ніхто не есць ад цябе плоду!» І чулі гэта Яго вучні.
15 І прыходзяць яны ў Ерусалім. І, увайшоўшы ў святыню, пачаў Ён выганяць прадаўцоў і пакупцоў у святыні і абярнуў сталы грашаменаў і ўслоны прадаўцоў галубоў.
16 І не дазваляў, каб хто якое начынне праносіў праз святыню.
17 І навучаў Ён і казаў ім: «Хіба не напісана: «Мой дом домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў»? Вы ж зрабілі яго «пячораю разбойнікаў».
18 І пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі, як бы Яго загубіць, бо яны баяліся Яго, бо ўвесь натоўп дзівіўся Яго навуцы.
19 І калі надышоў вечар, яны выйшлі за горад.
20 І, праходзячы ўранні, убачылі, што фігавае дрэва засохла ад кораня.
21 І, успомніўшы, Пятро кажа Яму: «Равві, зірні, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла».
22 І ў адказ Ісус кажа ім: «Майце веру ў Бога.
23 Папраўдзе кажу вам: Хто скажа гэтай гары: «Падыміся і кінься ў мора» і не ўсумніцца ў сваім сэрцы, але будзе верыць, што спраўдзіцца тое, што кажа, — тое будзе яму.
24 Таму кажу вам: аб чым вы моліцеся і просіце, верце, што атрымаеце, — і будзе вам.
25 І, калі стаіце на малітве, даруйце, як што маеце супроць каго, каб і ваш Бацька, Які ў нябёсах, вам дараваў вашы правіны.
26 [Калі ж вы не даруеце, то і ваш Бацька, Які ў нябёсах, не даруе вашых правінаў.]»
27 І прыходзяць яны зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у святыні, падыходзяць да Яго першасвятары і кніжнікі і старэйшыны.
28 І казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Або хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?»
29 Ісус жа сказаў ім: «Спытаюся ў вас адно слова і адкажыце мне і скажу Я вам, якою ўладаю раблю гэта;
30 Іанава хрышчэнне было з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне».
31 І разважалі яны між сабою, кажучы: Калі мы скажам: «З неба», Ён скажа: «Чаму ж вы не паверылі яму?»
32 Дык скажам: «Ад людзей»? Яны баяліся натоўпу. Бо ўсе уважалі, што Іаан быў сапраўды прарок.
33 І ў адказ яны кажуць Ісусу: «Не ведаем», а Ісус кажа ім: «І Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю».