1 І вырушыўшы адтуль, прыходзіць Ён у межы Іудзеі і ў Заіярданне, і зноў збіраюцца да Яго натоўпы, і Ён, як звычайна, зноў навучаў іх.
2 І, падышоўшы, фарысеі пыталіся ў Яго выпрабоўваючы: «Ці дазваляецца мужу адпускаць жонку»
3 У адказ Ён сказаў ім: «Што вам запаведаў Майсей?»
4 Яны ж сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і адпусціць».
5 А Ісус сказаў ім: «З-за вашага нячулага сэрца ён напісаў гэтую запаведзь.
6 Ад пачатку ж стварэння Бог «мужчынаю і жанчынаю стварыў іх.
7 Таму пакіне муж свайго бацьку і маці [і прылепіцца да свае жонкі]
8 І будуць яны абое адным целам», так што яны ўжо не два, але адно цела.
9 Дык вось, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае».
10 І ў доме вучні зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
11 І Ён кажа ім: «Хто адпусціць сваю жонку і ажэніцца з іншаю, той чыніць пералюб супроць яе;
12 І калі яна, пакінуўшы свайго мужа, выйдзе замуж за іншага, чыніць пералюб».
13 І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранялі ім.
14 Ісус жа, убачыўшы, абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такіх ёсць Божае Царства.
15 Папраўдзе кажу вам: Хто не прыйме Божага Царства, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
16 І, абняўшы іх, блаславіў, усклаўшы на іх рукі.
17 І, калі выходзіў Ён у дарогу, падбег адзін і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: «Дасканалы Настаўніку, што рабіць мне, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?»
18 Ісус жа сказаў яму: «Што ты завеш Мяне Дасканалым? Ніхто не дасканалы, толькі адзін Бог.
19 Ты ведаеш запаведзі: «Ні забі, не чыні пералюбу, не украдзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй свайго бацьку і маці».
20 А ён сказаў Яму: «Настаўніку, усё гэта я захоўваў са сваёй маладосці».
21 Ісус жа, паглядзеўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, усё, што маеш, прадай, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, і ідзі ўслед за Мною [узяўшы крыж]».
22 А той, панурыўшыся ад гэтага слова, пайшоў засмучаны: бо меў вялікі набытак.
23 І, паглядзеўшы навокал, Ісус кажа Сваім вучням: «Як цяжка будзе тым, што маюць багацце, увайсці ў Божае Царства».
24 Вучні жахнуліся ад Яго слоў. Ісус жа зноў кажа ім: «Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Божае Царства [тым, што ўскладаюць надзею на багацце].
25 Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Божае Царства».
26 Яны ж надзвычай уразіліся, кажучы між сабою: «І хто ж можа збавіцца!»
27 Паглядзеўшы на іх, Ісус кажа: «Людзям гэта немажліва, але не Богу: бо ўсё мажліва Богу».
28 Пачаў казаць Пятро Яму: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою».
29 Сказаў Ісус: «Папраўдзе кажу вам, няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці палі дзеля Мяне і дзеля Дабравесця,
30 і не атрымае ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, і братоў, і сясцёр, і мацярок, і дзяцей, і палёў, пры ганеннях, а ў веку наступным — вечнае жыццё.
31 Многія ж першыя будуць апошнімі і апошнія першымі.
32 Былі ж яны ў дарозе, падымаючыся ў Ерусалім, і Ісус ішоў паперадзе іх, і яны жахаліся, а тыя, што ішлі ўслед за Ім, баяліся. І, узяўшы, зноў Дванаццаць, Ён пачаў казаць ім, што павінна адбыцца з Ім:
33 «Вось, узыходзім мы ў Ерусалім і Чалавечы Сын будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам,
34 і насміхацца будуць з Яго, і будуць пляваць на Яго, і будуць бічаваць Яго, і заб’юць, ды праз тры дні Ён уваскрэсне.»
35 І падходзяць да Яго Якаў і Іаан, Завядзеевы сыны, і кажуць Яму: «Настаўніку, каб Ты зрабіў нам тое, што мы Цябе папросім».
36 А Ён сказаў ім: «Што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?»
37 Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб мы адзін праваруч Цябе, адзін леваруч сядзелі ў славе Тваёй».
38 Ісус жа сказаў ім: «Не ведаеце, што просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, ці хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?»
39 Яны ж сказалі Яму: «Можам». Ісус жа сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце пахрышчаны,
40 А сядзець паваруч ці леваруч не Мне даваць, але тым, каму ўгатавана».
41 І, пачуўшы, дзесяць пачалі гневацца на Якава і Іаана.
42 І, паклікаўшы іх, Ісус кажа ім: «Вы ведаеце: тыя, што лічацца начальнікамі над народамі, пануюць над імі, і вяльможы іх паказваюць сваю ўладу над імі;
43 Ды не так між вамі, але хто між вас хоча вялікім быць, няхай будзе вашым слугою;
44 І хто хоча між вамі быць першым, хай будзе рабом усіх;
45 Бо і Чалавечы Сын не дзеля таго прыйшоў, каб Яму паслужылі але каб паслужыць і аддаць Сваё жыццё ў выкуп за многіх».
46 І прыходзяць яны ў Ерыхон. І калі выходзіў Ён з Ерыхона са Сваімі вучнямі і вялізным натоўпам, — Тымееў сын, Вартымей, сляпы папрасімец, сядзеў пры дарозе.
47 І, пачуўшы, што гэта Ісус Назаранін, пачаў ён крычаць і прасіць: «Сыне Давідаў, Ісусе, злітуйся нада мною!»
48 І сварыліся на яго многія, каб замоўк; а ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мною!»
49 І, спыніўшыся, Ісус сказаў: «Паклічце яго». І клічуць сляпога, кажучы яму: «Мацуйся, устань, кліча цябе!»
50 Ён, жа скінуўшы сваю вопратку, ускочыў і падышоў да Ісуса.
51 І, азваўшыся, Ісус сказаў яму: «Што ты хочаш, каб Я табе зрабіў?» Сляпы ж сказаў Яму: «Раввуні, каб бачыў я».
52 Ісус сказаў яму: «Ідзі, твая вера ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім па дарозе.