1 А праз два дні была Пасха і Свята Праснакоў; і шукалі першасвятары і кніжнікі, як Яго хітрасцю схапіць і забіць;
2 Бо яны казалі: «Не ў свята, каб не было замяшання ў народзе».
3 І калі Ён быў у Віфаніі, у доме пракажонага Сімана і ўзлягаў, прыйшла жанчына, маючы алябастравую пляшачку міра з чыстага і дарагога нарда; разбіўшы пляшачку, яна ўзліла Яму на галаву.
4 А былі ж некаторыя, што абураліся між сабою: «Навошта гэтая трата міра?
5 Бо гэтае міро можна было б прадаць больш за трыста дынарыяў і раздаць убогім.» І сурова выгаворвалі ёй.
6 Ісус жа сказаў: «Пакіньце яе: што вы ёй прыкрасць робіце? Добры ўчынак яна Мне зрабіла.
7 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою і, калі хочаце, можаце добра ім рабіць, Мяне ж не заўсёды маеце.
8 Што магла, яна зрабіла: загадзя памазала Маё цела для пахавання.
9 Папраўдзе кажу вам: дзе ні будзе аб’яулена Дабравесце ва ўсім свеце, дык і пра тое, што зрабіла яна, будзе сказана ў яе памяць».
10 І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, падаўся да першасвятароў, каб ім выдаць Яго.
11 А яны, пачуўшы, усцешыліся і абяцалі яму даць срэбранікаў. І ён шукаў, як бы пры зручным выпадку выдаць Яго.
12 І ў першы дзень Праснакоў, калі ў ахвяру прыносілі Пасху, кажуць Яму Яго вучні: «Хочаш, каб мы, пайшоўшы, падрыхтавалі Табе спажыць пасху?»
13 І пасылае двух Сваіх вучняў і кажа ім: «Ідзіце ў горад і сустрэне вас чалавек, што будзе несці гляк вады; ідзіце ўслед за ім.
14 І куды ён увойдзе, скажыце гаспадару таго дома: «Настаўнік кажа: «Дзе Мой пакой, у якім спажыў бы пасху з Маімі вучнямі?»
15 І ён вам пакажа на гары вялікую залу, усланую, гатовую: там і падрыхтуйце нам».
16 І пайшлі вучні і прыйшлі ў горад і знайшлі, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху.
17 І калі надышоў вечар, прыходзіць ён з дванаццаццю.
18 І калі яны ўзлягалі і елі, Ісус сказаў: «Папраўдзе кажу вам: адзін з вас прадасць Мяне: ён есць са Мною».
19 Яны пачалі сумаваць і казаць Яму адзін за адным: «Няужо я?»
20 Ён жа сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, што мачае ў міску са Мною.
21 Хоць Чалавечы Сын адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Чалавечы Сын будзе прададзены; лепш было б яму, калі б ён не радзіўся».
22 І, калі яны елі, Ён, узяўшы хлеб, паблаславіўшы, паламаў і даў ім і сказаў: «Вазьміце, [ешце], гэта цела Маё.»
23 І, узяўшы келіх, узнёс падзяку, падаў ім: і пілі з яго ўсе.
24 І Ён сказаў ім: «Гэта Мая кроў Згоды, што праліваецца за многіх.
25 Папраўдзе кажу вам, што не буду больш піць ад плоду вінаграднай лазы аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Божым Царстве».
26 І, адспяваўшы хвалебную песню, выйшлі на Аліўную гару.
27 І кажа ім Ісус: «Усе вы адступіцеся [у гэтую ноч], бо напісана: «Удару пастуха і рассыплюцца авечкі».
28 Але калі ўваскрэсну, Я пайду перад вамі ў Галілею».
29 Пятро ж сказаў Яму: «Хоць усе адступяцца, але не я».
30 І кажа яму Ісус: «Папраўдзе кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы запяе певень, тройчы ад Мяне адрачэшся».
31 А ён з яшчэ большым націскам казаў: «Хоць бы я павінен памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтаксама казалі і ўсе.
32 І прыходзяць яны да сядзібы, званай Гефсіманія.
33 І бярэ з Сабою Пятра, Якава і Іаана. І пачаў Ён жахацца і тужыць.
34 І кажа ім: «Збалела Мая душа аж да смерці; астаньцеся тут і не спіце».
35 І, адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб яго, калі можна, абмінула гэтая гадзіна.
36 І сказаў: «Авва Ойча! Усё мажліва Табе; пранясі гэты келіх міма Мяне; ды не чаго Я хачу; але чаго Ты.»
37 І прыходзіць і знаходзіць іх сплючы і кажа Пятру: «Сімане, ты спіш? Аднае гадзіны не змог не паспаць?
38 Не спіце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: дух моцны, а цела кволае».
39 І зноў, адышоўшыся, маліўся, кажучы тое ж слова.
40 І зноў, падышоўшы, знайшоў іх сплючы, бо іх вочы абцяжэлі; і не ведапі яны, што Яму адказаць.
41 І прыходзіць трэці раз і кажа ім: «Вы ўсё спіце і спачываеце? Годзе! Надышла гадзіна: вось выдаецца Чалавечы Сын у рукі грэшнікаў.
42 Уставайце, хадзем, вось наблізіўся мой прадажнік».
43 І адразу, пакуль Ён яшчэ казаў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, і з ім натоўп з мячамі і каламі — ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын.
44 А Яго здраднік падаў ім умоўны знак, кажучы: «Каго пацалую, Той і ёсць: хапайце Яго і вядзіце ўзмоцнена».
45 І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: «Равві!» і пацалаваў Яго.
46 А тыя ж налажылі рукі на Яго і схапілі Яго.
47 Адзін з тых, што стаялі пры ім, выхапіўшы меч, ударыў першасвятаровага слугу і адсек яму вуха.
48 І, азваўшыся, Ісус сказаў ім: «Як на разбойніка выйшлі з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне;
49 Штодня быў Я з вамі у святыні, навучаючы, і не ўзялі Мяне; але няхай спраўдзіцца Пісьмо».
50 І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
51 Нейкі юнак ішоў далей за Ім, ахінуўшы голае цела кужэльным пакрывалам. І яны хапаюць яго.
52 Ён жа, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк.
53 І адвялі Ісуса да першасвятара; і сходзяцца ўсе першасвятары і старэйшыны і кніжнікі.
54 І Пятро здалёку ішоў услед за Ім аж у сярэдзіну на падворак першасвятара; і сядзеў разам са службаю і грэўся пры агні.
55 А першасвятары і ўвесь сінедрыён шукалі супроць Ісуса сведчанняў, каб асудзіць на смерць, і не знаходзілі.
56 Бо многія фальшыва сведчылі супроць Яго, але сведчанні іх не супадалі.
57 І некаторыя, устаўшы, фальшыва сведчылі супроць Яго, кажучы:
58 Мы чулі як Ён казаў: «Я зруйную гэты рукатворны храм і за тры дні збудую іншы, нерукатворны».
59 Але і ў гэтым сведчанне не супала.
60 Тады першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, пытаўся ў Ісуса, кажучы: «Ты нічога не адказваеш, што сведчаць яны супроць Цябе?»
61 Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар спытаўся ў Яго і сказаў Яму: «Ці Хрыстос ты, сын Блаславёнага?»
62 Ісус жа сказаў: «Я; і вы ўбачыце Чалавечага Сына, што ўсядае праваруч [Божай] Сілы і прыходзіць з нябесным воблакам.»
63 Першасвятар жа, разарваўшы шаты свае, кажа: «Якую яшчэ патрэбу мы маем у сведчаннях?
64 Вы чулі богазнявагу? Як вам здаецца?» Яны ж усе асудзілі Яго, што варты смерці.
65 І пачалі некаторыя пляваць на Яго і закрываць Яму твар, і білі па шчоках і казаць Яму: «Прароч», і службоўцы білі ў твар.
66 І калі Пятро быў унізе на падворку, падыходзіць адна з першасвятаровых служанак
67 і, убачыушы, што Пятро грэецца, угледзелася ў яго і кажа: «І ты з Назаранінам, з Ісусам.»
68 Ён жа адрокся, кажучы: «Я не ведаю і не разумею, што ты кажаш». І выйшаў на пярэдні двор [і запяяў певень].
69 А служанка ўбачыўшы яго, зноў пачапа казаць да тых, што стаялі там: «Гэты з іх».
70 Ён жа зноў адрокся. І неўзабаве зноў тыя, што там стаялі, казалі Пятру: «Сапраўды ты з іх, ты ж і галлеянін».
71 Ён жа пачаў заракацца і клясціся: «Не ведаю я гэтага чалавека».
72 І адразу паўторна запяяў певень. І ўспомніў Пятро слова, сказанае яму Ісусам: «Перш, чым двойчы прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І выбухнуў плачам.