1 І пачаў Ён казаць ім упадабненнямі: «Насадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і здаў у арэнду вінаградарам і выехаў.
2 І ў пэўны час паслаў да вінаградараў раба, каб узяў у вінаградараў ад плёну вінаградніка;
3 А тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
4 І зноў паслаў да іх іншага раба і таго ранілі ў галаву і зняважылі.
5 Тады паслаў наступнага; і таго забілі і многіх іншых каго збілі, каго забілі.
6 Яшчэ аднаго ён меў: улюбёнага сына; паслаў яго апошнім да іх, кажучы: «Пасаромеюцца майго сына!»
7 А тыя вінаградары разважалі між сабою: «Гэта спадкаемец; хадзем заб’ем яго, і спадчына будзе наша.»
8 І, скапіўшы, яны забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік.
9 Што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і знішчыць тых вінаградараў і здасць вінаграднік іншым.
10 Няўжо вы і гэтага Пісьма не чыталі: «Камень, які адкінулі будаунікі, зрабіўся галавою вугла;
11 Ад Госпада зрабілася гэта і яно дзіўнае ў нашых вачах»?
12 І стараліся Яго схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што супроць іх сказаў Ён упадабненне. І, пакінуўшы Яго, адышлі.
13 І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў і з ірадыян, каб злавіць Яго на слове.
14 І тыя, прачытаўшы, кажуць Яму: «Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на асобу чалавека, але праўдзіва настаўляеш на Божую дарогу; ці можна даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?»
15 Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: «Што вы Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў».
16 Яны і прынеслі. І Ён кажа ім: «Чыя гэта выява і надпіс?» Тыя ж адказалі Яму: «Кесарава».
17 Ісус жа сказаў ім: «Кесарава аддавайце кесару, а Божае Богу». І вельмі здзіўляліся Яму.
18 І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
19 «Настаўніку, Майсей напісаў нам: «Калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку і не пакіне дзяцей, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату».
20 Было сем братоў: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў патомства;
21 І другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;
22 І сямёра не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памерла і жонка.
23 Ва ўваскрэсенні [калі ўваскрэснуць] каго з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі жонкай яе.»
24 Сказаў ім Ісус: «Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце ні Пісьма, ані Божай сілы?
25 Бо калі ўстануць з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў нябёсах.
26 Пра мёртвых жа, што ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Майсеевай Кнізе пра купіну, як сказаў яму Бог, прамаўляючы: «Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісакаў, і Бог Якава»?
27 Ён не Бог мёртвых, але жывых: вы вельмі памыляецеся.
28 І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрачаюцца, і бачачы, што добра Ён адказаў ім, спытаўся ў Яго: «Якая запаведзь першая з усіх?»
29 Адказаў Ісус: «Першая: «Слухая, Ізраіле! Госпад, наш Бог, ёсць Госпад адзіны;
30 І любі Госпада, Бога свайго, усім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсім розумам сваім, і усёю сілай сваёю.»
31 І вось другая: «Любі свайго бліжняга, як самога сябе.» Няма іншай запаведзі большай за гэтыя.»
32 І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўніку! Праўдзіва сказаў Ты, што Ён адзіны і няма другога, акрамя Яго:
33 І любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам і ўсёю сілаю, і любіць бліжняга, як самога сябе, — больш за ўсе цэласпаленні і ахвяры».
34 І Ісус, убачыўшы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Божага Царства». І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.
35 І, азваўшыся, Ісус казаў, навучаючы ў святыні: «Як жа кажуць кніжнікі, што Хрыстос — Давідау сын?
36 Сам Давід сказаў Святым Духам: «Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзь праваруч Мяне, аж пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад Твае ногі.»
37 Сам Давід кажа, што Ён — Госпад: дык як жа Ён яго сын? І вялікі натоўп ахвотна слухаў Яго.
38 І ў Сваёй навуцы Ён казаў: «Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгай вопратцы і каб віталі іх на рынках,
39 І першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на банкетах,
40 Што праядаюць удовіны дамы і для выгляду доўга моляцца; гэтыя атрымаюць цяжэйшы прысуд».
41 І, сеўшы насупроць скарбніцы, Ён глядзеў, як натоўп укідае медзь у скарбніцу. І многія багацеі шмат укідалі.
42 І прыйшла адна ўбогая ўдава і ўкінула дзве лепты, гэта значыць кадрант.
43 І, паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: «Папраўдзе кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, што ўкідалі ў скарбніцу;
44 Бо ўсе ад сваіх лішкаў укідалі, яна ж ад свайго недастатку, усё, што мела, укінула, усю сваю спожыць».