1 Пачатак Дабравесця Ісуса Хрыста, [Божага Сына].
2 Як напісана ў прарока Ісаі: «Вось пасылаю перад Тваё аблічча Свайго пасланца, які падрыхтуе Тваю дарогу;
3 Вокліч прапаведніка ў пустэльні; Падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце сцежкі Яго!»
4 Выступіў Іаан, хрысцячы ў пустэльні і абвяшчаючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў.
5 І выходзілі да яго ўся Іудзейская краіна і ўсе ерусалімляне, і хрысціліся ад яго ў рацэ Іярдане, вызнаючы свае грахі.
6 І быў Іаан у вопратцы з вярблюджай воуны і са скураным поясам на паясніцы сваёй, а жывіўся саранчою ды дзікім мёдам.
7 І абвяшчаў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць рамень Яго сандаляў.
8 Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
9 І было ў тыя дні: прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысціўся ў Іярдане ад Іаана.
10 І адразу, выходзячы з вады, убачыў Ён, што раскрываюцца нябёсы, і Духа, як голуба, што сходзіць на Яго;
11 І голас пачуўся з нябёсаў: «Ты Мой Сын улюбёны, у Табе Маё задавальненне».
12 І адразу Дух гоніць Яго ў пустэльню.
13 І быў Ён у пустэльні сорак дзён і выпрабоўваў Яго сатана; і быў са зверыною, і анёлы служылі Яму.
14 А пасля таго, як Іаана выдалі, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Божае Дабравесце
15 і кажучы: «Збыліся часы і наблізілася Божае Царства; пакайцеся і веруйце ў Дабравесце».
16 А калі Ён праходзіў паўз Галілейскае мора, убачыў Сімана і Андрэя, Сіманавага брата, калі яны закідалі сетку ў мора: бо яны былі рыбаловы.
17 І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».
18 І, адразу пакінуўшы сеткі, яны пайшлі ўслед за Ім.
19 А прайшоўшы крыху, убачыў Ён Якава Зевядзеевага і яго брата Іаана, як яны, таксама ў чоўне, папраўлялі сетку,
20 і адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы свайго бацьку Зевядзея ў чоўне з наймітамі, пайшлі за Ім.
21 І ўваходзяць яны ў Капернаум; і Ён адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, вучыў.
22 І ўсе здзіўляліся Яго навуцы: бо Ён вучыў іх як паўнамоцны, а не як кніжнікі.
23 І адразу чалавек з нячыстым духам, што быў у сінагозе, закрычаў,
24 кажучы: «Што табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты, Божы Святы».
25 Але Ісус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!»
26 І нячысты дух, страсянуўшы яго і ўскрыкнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
27 І жахнуліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: «Што гэта такое? Навука новая з уладаю? І нячыстымі духамі Ён загадвае, і яны слухаюцца Яго».
28 І адразу погаласка пра Яго разышлася скрозь па ўсіх ваколіцах Галілеі.
29 І адразу, выйшаўшы з сінагогі, яны з Якавам і Іаанам пайшлі ў дом Сімана і Андрэя.
30 А Сіманава цешча ляжала у гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
31 І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і гарачка адпусціла яе, і яна прыслугоўвала ім.
32 А як надышоў вечар і зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нямоглых і апантаных;
33 І сабраўся ўвесь горад да дзвярэй.
34 І Ён вылечыў многіх заняпалых на розныя хваробы і шмат дэманаў выгнаў і не дазволіў дэманам гаварыць, бо яны ведалі Яго.
35 І вельмі рана, яшчэ нацямку ўстаўшы, выйшаў Ён і пайшоў у пустэльнае месца і там маліўся.
36 І паспяшаліся за Ім Сіман і тыя, што былі з Ім.
37 І, знайшоўшы Яго, кажуць: «Усе шукаюць Цябе».
38 І кажа Ён ім: «Хадзем у іншыя бліжэйшыя мястэчкі каб Мне і там абвяшчаць: бо на тое Я і выйшаў».
39 І пайшоў Ён, абвяшчаючы ў іх сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяючы дэманаў.
40 І прыходзіць да Яго пракажоны і просіць (упаўшы на калені), кажучы Яму: «Калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне».
41 І, злітаваўшыся, Ён працягнуў руку, дакрануўся і кажа яму: «Хачу — ачысціся».
42 І адразу зышла з яго праказа, і ён ачысціўся.
43 І, сурова наказаўшы яму, Ён адразу адаслаў яго;
44 І кажа яму: глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і прынясі за сваё ачышчэнне, што загадаў Майсей, у сведчанне ім.
45 А той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць, расказваць пра тое, што адбылося, так, што Ён не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў наводшыбе ў пустэльных месцах. І прыходзілі да Яго адусюль.