1 І прыклікаўшы дванаццацёх вучняў Сваіх, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лекаваць усякі нядуг і ўсякую хворасьць.
2 А імёны-ж дванаццацёх апосталаў гэткія: першы Сымон, званы Пятром, і Андрэй, брат яго; Якуб Завядзеяў і Ян, брат яго;
3 Піліп і Баўтарамей, Хама й Мацьвей — мытнік, Якуб Алфеяў і Ляўвей, званы Фадзеем;
4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і прадаў Яго.
5 Іх дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: «У дарогу да паганаў не выбірайцеся, і ў месты Самаранскія не ўваходзьце.
6 Лепш ідзеце да загінуўшых авец дому Ізраілевага.
7 А праходзячы абвяшчайце, што наблізілася Ўладарства Нябеснае.
8 Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памершых уваскрашайце, злыдухаў выганяйце — дарма атрымалі, дарма давайце.
9 Не бярэце з сабою золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя;
10 Ні торбы ў дарогу, ні вопраткі ў запас, ні абутку, ні палкі; годзен бо працаўнік пражываньня свайго.
11 І ў якое-б места ці аселішча ні прыйшлі вы, даведвайцеся, хто ў ім дастойны, там і аставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
12 А ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму.
13 І калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; калі-ж ня будзе дастойны, мір ваш да вас вернецца.
14 А калі хто ня прыме вас ці не паслухае словаў вашых, то, выйходзячы з дому ці места таго, атрасеце пыл з ног вашых.
15 Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чымся месту таму.
16 Вось Я пасылаю вас, як авец сярод ваўкоў, будзьце-ж мудрыя, як зьмеі, і чыстыя, як галубы.
17 Сьцеражэцеся людзей, бо аддаваць будуць вас у судзілішчы, і ў сынагогах сваіх будуць біць вас.
18 І павядуць вас на начальнікаў і ўладароў з-за Мяне, у сьведчаньне прад імі й паганамі.
19 Калі-ж выдадуць вас, ня турбуйцеся, што й як гаварыць.
20 Бо ня вы будзеце прамоўцамі, але Дух Айца Вашага прамовіць праз вас.
21 Выдасьць-жа брат брата на сьмерць, і бацька дзіця сваё, і дзеці паўстануць на бацькоў і ўсьмерцяць іх.
22 І будзеце зьненавіджаны ўсімі за імя Маё, але, хто вытрымае да канца, той збавёны будзе.
23 Калі-ж будуць гнаць вас у адным месьце, бяжэце ў іншае места; запраўды, кажу вам: не абойдзеце яшчэ местаў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.
24 Ня стаць вучню над настаўнікам сваім, ці слузе над гаспадаром сваім.
25 Досыць вучню дараўнацца да настаўніка свайго, а слузе — да гаспадара свайго; калі гаспадара дому вэльзевулам абазвалі, то ці-ж не балей таго хатніх ягоных?
26 Але ня бойцеся іх: нічога-ж няма сукрытага, каб ня выкрылася, ні патаемнага, каб ня стала ведамым.
27 Што кажу вам упоцемку, гаварэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, абвяшчайце ўголас.
28 І ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, а душы ня могуць забіць, але горш бойцеся таго, хто можа душу й цела загубіць у пекле.
29 Ці-ж не прадаюць дзьве малыя птушачкі за медзяка? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага.
30 У вас-жа й валасы на галаве палічаны.
31 Дык ня бойцеся — вы вартасьнейшыя за шмат птушынаў.
32 Вось жа, кожнага, хто прызнае Мяне прад людзьмі, прызнаю й Я яго прад Айцом Маім Нябесным.
33 А хто адрачэцца ад Мяне прад людзьмі, адракуся й Я яго прад Айцом Маім Нябесным.
34 Ня думайце, што Я прыйшоў прынясьці супакой на зямлю; не супакой прынясьці прыйшоў Я, але меч.
35 Бо прыйшоў Я разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку з маткаю як, і нявестку зь сьвякроўю яе.
36 І ворагі чалавеку — хатнія яго.
37 Хто любіць бацьку ці маці больш як Мяне, недастойны Мяне, і хто любіць сына ці дачку больш як Мяне — недастойны Мяне.
38 І хто не бярэ крыжа свайго й ня йдзе ўсьлед за Мною — недастойны Мяне.
39 Хто зьберажэ душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, зьберажэ яе.
40 Хто прыймае вас, Мяне прыймае, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.
41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае ўзнагароду прарочую; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведніка дастае.
42 І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня — праўдзіва кажу вам, ня страціць ўзнагароды свае».