1 У той час Ірад чацьвертаўладнік, дачуўшыся пра славу Ісусаву,
2 сказаў падуладным сваім: «Гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрос зь мертвых, і таму цуды дзеюцца праз яго».
3 Бо Ірад схапіў Яна, зьвязаў яго й пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата яго.
4 Бо Ян гаварыў яму: «Ня можна табе мець яе».
5 І хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.
6 Але ў дзень народзін Ірада дачка Ірадыяды танцавала перад сабранымі й вельмі ўсьцешыла Ірада.
7 І ён, пакляўшыся, абяцаў ёй даць, чаго-б яна ні папрасіла.
8 Яна-ж, навучаная маткаю сваею, сказала: «Дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля».
9 І засмуціўся кароль, але з увагі на прысягу й на гасьцей сваіх, загадаў даць ёй.
10 І паслаў сьцяць галаву Яна ў вязьніцы.
11 І прынясьлі галаву ягоную й далі дзяўчыне, а яна занесла маці сваёй.
12 Вучні-ж ягоныя прышлі і ўзялі цела яго й пахавалі яго ды пайшлі паведамілі Ісуса.
13 І, пачуўшы гэтае, Ісус адплыў адтуль у чаўне адзінотна ў месца бязьлюднае; народ, дачуўшыся пра гэта, пайшоў за Ім зь местаў пехатою.
14 І, зышоўшы на зямлю, Ісус убачыў грамады народу; і зьлітаваўся над імі, і аздаравіў нядужных іхных.
15 Калі-ж настаў вечар, прыступілі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Месца тут пустыннае, а пара ўжо позьняя; адпусьці народ, каб маглі пайсьці ў аселішчы купіць сабе ежы».
16 Ісус-жа сказаў ім: «Ня трэба ім адыходзіць, вы дайце ім есьці».
17 Яны-ж кажуць Яму: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы».
18 Ён сказаў ім: «Прынясеце Мне іх сюды».
19 Тады сказаў народу супачыць на траве; і ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў на неба, дабрасловіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні — народу.
20 І елі ўсе да задаволеньня, і назьбіралі астачы дванаццаць карабоў поўных.
21 А ела-ж блізу пяці тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
22 Зараз-жа воліў Ісус вучням Сваім увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць народ.
23 І адпусьціўшы народ, узыйшоў на гару памаліцца на самоце, і да позьняга вечара аставаўся там адзін.
24 А човен быў ужо сярод мора, падбіваны хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
25 У чацьвертую старожу ночы, Ісус пайшоў да іх, ідучы па моры.
26 Вучні-ж Ягоныя, убачыўшы пешага на моры, спалохаліся й гаварылі: «Гэта здань». І ад страху закрычалі.
27 Але Ісус ураз-жа адазваўся да іх, кажучы: «Бадзёрцеся, гэта Я, ня бойцеся».
28 Тады Пётра сказаў Яму ў адказ: «Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе».
29 Ён-жа сказаў: «Прыйдзі!» І выйшаўшы з чоўна, Пётра пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Ісуса.
30 Але, гледзячы на моцны вецер, спужаўся й стаў тапіцца ды загаласіў, кажучы: «Госпадзе! Уратуй мяне».
31 Ісус ураз-жа працягнуў руку, падтрымаў яго й кажа яму: «Малаверны! Чаму-ж ты сумляваўся?»
32 І калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сьціх.
33 А ўсе, што былі ў чаўне, падыйшлі й пакланіліся Яму ды сказалі: «Запраўды, Ты — Сын Божы!»
34 І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Гэнісарэцкую.
35 Людзі-ж тэй мясцовасьці, пазнаўшы Яго, разьнясьлі вестку па цэлай ваколіцы, і прывялі да Яго ўсіх хворых.
36 І прасілі Яго каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся — выздараўлялі.