1 У той дзень Ісус, выйшаўшы з дому, сядзеў пры моры.
2 І зыйшлося да Яго мноства народу; тады Ён увайшоў у човен й сеў, а ўся грамада народу стаяла на беразе.
3 І доўга гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы:
4 Вось выйшаў сейбіт сеяць; і калі ён сеяў, некаторае зерне ўпала пры дарозе, і прыляцелі птушкі, і паклявалі яго.
5 Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і незабавам узыйшло, бо зямля была няглыбокая.
6 Калі-ж засьвяціла сонца, завяла, і ня меўшы караня, засохла.
7 Іншае ўпала ў цярніну, і разросшыся цярніна, заглушыла яго.
8 Каторае-ж упала ў грунт добры, прынясло плён: адно ў стакроць, іншае ў шэсьцьдзесят, іншае ў трыццаць.
9 Хто мае вушы слухаць, няхай чуе».
10 І падыйшлі да Яго вучні, кажучы: «Чаму гаворыш да іх прыпавесьцямі?»
11 Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Таму, што вам дадзена разумець тайны Ўладарства Нябеснага, ім-жа ня дадзена.
12 Бо хто мае, таму дадасца й прыспорыцца, а хто ня мае, у таго адыймецца й гэтае, што мае.
13 Дзеля таго прамаўляю да іх прыпавесьцямі, што яны гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць, ані яны разумеюць.
14 І спаўняецца на іх прароцтва Ісайі, які кажа: «Слухам пачуеце й не зразумееце, і, прыглядаючыся, глядзець будзеце, і ня ўбачыце.
15 Бо агрубела сэрца людзей гэтых; і на вуха цяжкія, і вочы зажмурылі, каб нічога ня бачыць вачамі й ня чуць вушамі да не ўразумець сэрцам.
16 І не навярнуцца, каб Я аздаравіў іх.
17 Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы, бо чуюць. Папраўдзе кажу вам, што многія прарокі й праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
18 Дзеля таго выслухайце, што азначае прыпавесьць пра сейбіта.
19 Да ўсякага, хто слухае слова пра Ўладарства й не разумее яго, прыйходзіць златворца й выхоплівае пасеянае ў сэрцы яго; гэткіх азначае пасеянае пры дарозе.
20 А пасеянае на грунт камяністы азначае таго, хто чуе слова й адразу з радасьцю прыймае яго,
21 але ня мае карэньня ў сабе й нясталы: калі надыйходзяць турботы або ўціск за слова, зараз-жа адступаецца.
22 Пасеянае ў цярніне азначае таго, хто чуе слова, але клопаты сьвету гэтага й зманлівасьць багацьця заглушае яго, і яно стаецца бясплодным.
23 Пасеянае-ж у добры грунт азначае таго, хто чуе слова й разумее, і гэткі прыносіць плён і творыць: каторае стакроць, іншае шэсьцьдзесят, іншае трыццаць».
24 Іншую прыпавесьць даў ім, кажучы: «Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім.
25 Калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго й пасеяў пустазельле між пшанцаю, і адыйшоў.
26 Калі-ж узрасла рунь і закаласіла, тады зьявілася й пустазельле.
27 Тады слугі гаспадара, прыйшоўшы, сказалі яму: «Спадару! Ці-ж ня добрае насеньне сеяў ты на полі сваім? Скуль жа ўзялося пустазельле?»
28 Ён-жа сказаў ім: «Вораг учыніў гэта». І сказалі яму слугі: «Калі хочаш, пойдзем, выпалем яго».
29 Але Ён сказаў ім: «Не! Каб, вырываючы пустазельле, не павырывалі разам зь ім і пшаніцы.
30 Пакіньце расьці абаім аж да жніва; а ў часе жніва скажу жнацом: «Зьбярце перш пустазельле й зьвяжэце яго ў пукі, каб спаліць яго, а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё».
31 Іншую прыпавесьць падаў ім, кажучы: «Уладарства Нябеснае падобна да зярняці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім.
32 Яно меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырасьце, то большае за ўсякую палявую расьліну, і становіцца як дрэва, і птушкі нябесныя хаваюцца ў ветках яго». Яшчэ іншую прыпавесьць сказаў Ён ім:
33 «Уладарства Нябеснае падобна да закісі, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры меркі мукі, пакуль не закісла ўсё».
34 І ўсё гэта Ісус гаварыў народу прыпавесьцямі, а бяз прыпавесьцяў нічога не гаварыў да іх.
35 Каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: «Адчыню ў прыпавесьцях вусны Мае, выкажу сукрытае ад стварэньня сьвету».
36 Тады, адпусьціўшы народ, Ісус увайшоў у дом. І падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Растлумач нам прыпавесьць пра пустазельле».
37 Ён-жа сказаў ім у адказ: «Сейбіт добрага насеньня — Сын Чалавечы.
38 Поле — гэта сьвет; добрае насеньне — гэта сыны Ўладарства; а пустазельле — сыны златворнага.
39 Вораг, які пасеяў яго — злыдух; жніва — гэта канец сьвету, а жанца — ангелы.
40 Вось-жа, як зьбіраюць пустазельле й агнём спальваюць, так будзе пры сканчэньні сьвету гэтага.
41 Пашле Сын Чалавечы ангелаў, і зьбяруць яны у Ўладарстве Ягоным усё спакушальнае й стваральнікаў беззаконьня.
42 І ўкінуць іх у печ накаленую, там будзе плач і скрыгат зубоў.
43 Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Ўладарстве Айца іхнага. Хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.
44 Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да скарбу, схаванаму ў полі, і той, хто знайшоў яго, утаіў, з радасьці ад яго, ідзе й прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
45 Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да чалавека-купца, які шукае прыгожых пэрлаў,
46 і які, знайшоўшы адну дарагую пэрліну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
47 Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да невада, зацягненага ў мора, які зачэрпаў рознага сорту рыбы.
48 І калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, добрае адабралі ў судзьдзё, а дрэннае выкінулі вон.
49 Гэтак будзе пры сканчэньні сьвету: Сыйдуць ангелы й вылучаць злых спасярод праведных.
50 І ўкінуць іх у печ агністую — там будзе плач і скрыгат зубоў».
51 І спытаўся ў іх Ісус: «Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны-ж адказалі: «Так, Госпадзе!»
52 І Ён сказаў ім: «Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, які слухаў навуку пра Ўладарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць з свае кладоўкі й новае й старое».
53 І было-ж, калі Ісус скончыў прыпавесьці гэтыя, адыйшоў адтуль,
54 і прыйшоўшы на бацькаўшчыну сваю, навучаў іх у сынагогах іхных, і дзівіліся яны й гаварылі: «Адкуль у Яго мудрасьць гэткая й сіла?
55 Ці-ж ня цесьляў Ён сын? Ці-ж ня маці Яго завецца Марыя, і браты Яго — Якуб і Ёсія, і Сыман і Юда?
56 І сёстры Яго ці-ж ня ўсе між намі? Адкуль у Яго ўсё гэта?»
57 І блазнавалі над Ім, Ісус-жа сказаў ім: «Ня бывае прарока без павагі, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім».
58 І не стварыў там шмат цудаў дзеля няверства іхнага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 13 раздзел. Пераклад Міцкевіча (Прускага).
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.