1 І калі Ісус скончыў словы гэтыя, Ён выйшаў з Галілеі, і прыйшоў у межы Юдэйскія, на той бок Ярдану.
2 За Ім ішло многа людзей, і Ён аздаравіў іх там.
3 І прыступілі да Яго фарысеі, каб спакусіць Яго, і гаварылі Яму: «Ці можна чалавеку абы зь якой прычыны разводзіцца з жонкаю сваёю?»
4 Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Ці вы ня чыталі, што Стварыцель чалавека напачатку стварыў іх, як мужчыну й жанчыну?»
5 І сказаў: «Дзеля таго пакіне чалавек бацьку свайго й маці й злучыцца з жонкаю сваёю, і будуць абое адным целам.
6 Гэтак, яны ўжо ня два, але адно цела. Вось-жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае».
7 Яны кажуць Яму: «Як-жа Майсей запавядаў даваць разводны ліст і адпусьціць яе».
8 Ён-жа сказаў ім: «Майсей дзеля жорсткасьці сэрцаў вашых дазволіў вам пакідаць жонкі вашыя, а на пачатку гэтак ня было
9 І кажу Я вам: Хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, апрача прычыны блудадзеяньня, і ажэніцца зь іншаю, той блудадзейнічае, і хто ажэніцца з разьведзенай — блудадзейнічае».
10 Кажуць Яму вучні Ягоныя: «Калі гэтакі абавязак у мужа да яго жонкі, то лепш не жаніцца».
11 Ён-жа сказаў ім: «Ня ўсім дасяжнае разуменьне слоў гэтых, але каму дадзена.
12 Ёсьць бо лягчаныя, якія з улоньня маці радзіліся такімі, і ёсьць лягчаныя ад людзей, і ёсьць лягчаныя, якія самі сябе кастравалі дзеля Ўладарства Нябеснага. Хто можа гэта ўспрыняць, няхай успрымае».
13 Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі й памаліўся; вучні-ж забаранялі ім.
14 Але Ісус сказаў ім: «Пусьцеце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо гэткіх ёсьць Уладарства Нябеснае».
15 І ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль.
16 І вось адзін з народу, падыйшоўшы, сказаў Яму: «Добры Настаўнік! Што дабрае зрабіць мне, каб мець жыцьцё вечнае?»
17 Ён сказаў яму: «Чаму ты завеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, апрача аднаго Бога. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё вечнае, выпаўняй запаветы».
18 І той кажа Яму: «Якія?» Ісус сказаў: «Не забівай, не блудадзейнічай, не крадзі, ня сьведчы фальшыва.
19 Шануй бацьку й маці й любі бліжняга твайго, як самога сябе».
20 Кажа Яму юнак: «Усяго гэтага я трымаюся ад юнацтва майго, чаго яшчэ мне нестае?»
21 Ісус кажа яму: «Калі хочаш быць дасканалым, пайдзі, прадай маёмасьць тваю й раздай бедным й будзеш мець скарб у небе й прыходзь ды йдзі за Мною».
22 І юнак, пачуўшы гэтае слова, адыйшоў у засмучэньні, бо меў вялікую маёмасьць.
23 Ісус-жа сказаў вучням Сваім: «Папраўдзе кажу вам, што цяжка ўвайсьці багатаму ў Валадарства Нябеснае.
24 І яшчэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушка, чым багатам ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае».
25 Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя моцна зьдзівілся й гаварылі: «Хто-ж тады можа быць збавёны?»
26 Узглянуўшы на іх, Ісус сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма».
27 Тады Пётра адазваўся й сказаў Яму: «Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за Табою, што-ж будзе нам?»
28 І сказаў ім Ісус: «Папраўдзе кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у будучым жыцьці, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе Славы Сваёй, сядзеце й вы на дванаццацёх пасадах судзіць дваннаццаць родаў ізраілевых.
29 І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў і сёстраў, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці вёскі дзеля імя Майго — атрымае стокроць і здабудзе жыцьцё вечнае.
30 І шмат, хто зь першых стануцца апошнімі, апошнія-ж — першымі.