Библия Чарняўскі-99 Пераклад Чарняўскага 1999

Дзеі, 17 Дзеі Апосталаў, 17 глава

1 Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыбылі ў Тэсалёніку, дзе Юдэі мелі сынагогу.
2 Па звычаю сваім Павал наведаў іх і праз тры суботы выясьніў ім Пісаньне,
3 даводзячы і паказваючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з памёршых ды што: "Езус, якога я вам абвяшчаю, і ёсьць гэты Хрыстос".
4 І некаторыя з іх ды вялікая колькасць веручых Грэкаў, і нямала высокародных жанчын уверылі і далучыліся да Паўла і Сілы.
5 Тады завідныя Юдэі, узяўшы з рынку нягодных людзей, сабралі натоўп, і збунтавалі горад, і знайшлі дом Язона, ды шукалі іх, каб паказаць народу.
6 І, не знайшоўшы іх, павалаклі Язона ды некаторых братоў перад палітархаў, крычучы: "Гэтыя людзі, каторыя бунтуюць увесь сьвет, прыйшлі таксама сюды,
7 і Язон іх прыняў. Яны ўсе выступаюць супраць загадаў цэзара, заяўляючы, што ёсьць іншы кароль — Езус".
8 Такім чынам узбурылі яны грамады і палітархаў, каторыя гэта слухалі;
9 і, узяўшы паруку ад Язона і ад іншых, пусцілі іх.
10 Зараз жа ў начы браты выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю. Калі яны туды прыбылі, пайшлі ў Юдэйскую сынагогу.
11 Гэтыя былі больш шляхетныя, чым у Тэсалоніцы, і прынялі слова з усёю руплівасьцю ды штодзень разьбіралі Пісаньне, ці так гэта ёсьць.
12 І многа з іх уверыла, а таксама высокародныя жанчыны Грэцкія ды ня мала мужчынаў.
13 Калі Юдэі з Тэсалёнікі даведаліся, што таксама ў Бэрэі Павал вясьціць слова Божае, прыбылі і туды, падбураючы грамады і выклікаючы забурэньне.
14 Тады браты безадкладна выправілі Паўла, каб ішоў ён аж да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.
15 Тыя, што праводзілі Паўла, завялі яго аж у Атэны ды вярнуліся, атрымаўшы ад яго загад Сіле і Цімафею, каб чым хутчэй прыйшлі да яго.
16 Чакаючы на іх у Атэнах, Павал абураўся ў духу, бачучы горад, аддадзены балванахвальству.
17 Таксама гутарыў у сынагозе з Юдэямі і з багабойнымі ды што дзень на плошчы з тымі, з каторымі сустракаўся.
18 Некаторыя з філёзафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім. І некаторыя казалі: "Што хоча сказаць гэты баўбатун?" Іншыя ж: "Здаецца, што ён абвяшчае новых багоў", бо абвяшчаў ім Езуса і ўваскрасеньне.
19 І узялі яго, і завялі ў Арэапаг, і запыталі: "Ці не маглі б мы даведацца, якое новае вучэньне ты прапаведуеш ?
20 Бо нейкія нячутыя рэчы ўкладаеш ты ў нашыя вушы. Дык хацелі б даведацца, што гэта мае быць".
21 Усе ж Атэнцы і пражываючыя там прыхадні нічым іншым не займаюцца, як толькі каб гаварыць або слухаць нешта новае.
22 Дык Павал, стаўшы сярод Арэапагу, сказаў: "Мужы Атэнскія! Па ўсім бачу, што вы надта пабожныя.
23 Праxодзячы вось ды аглядаючы вашыя сьвятыні, напаткаў аўтар, на каторым было напісана: "Невядомаму Богу". Дык Таго, каму вы, ня ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.
24 Бог, каторы стварыў сьвет ды ўсё, што на ім, Госпад неба і зямлі, не пражывае ў сьвятынях, рукой людзей пабудаваных,
25 ды не патрабуе паслугі рук людзкіх, як быццам Яму чаго не стае, бо Ён сам дае ўсім жыцьцё і дыханьне, ды ўсё іншае.
26 Ён з аднаго чалавека вывеў увесь род чалавечы, каб пражываў на ўсім вобліку зямлі, вызначаючы час і межы іхняга пражываньня,
27 каб шукалі Бога, можа, часам дакрануцца Яго і знойдуць Яго, бо Ён, па праўдзе, недалёка ад кожнага з нас.
28 Бо ў Ім жывём, рухаемся ды існуем, як сказалі некаторыя з вашых паэтаў: "Мы бо і род Ягоны".
29 Дык, будучы з роду Божага, не павінны мы думаць, што Боства падобнае да золата, або серабра, або каменя, разьбы мастака, або да твору розуму чалавечага.
30 І вось, зважаючы на часы няведаньня, Бог цяпер кліча ўсюды ўсіх людзей да навярненьня,
31 таму што вызначыў дзень, у каторы будзе судзіць сьвет справядліва і праз аднаго чалавека, каторага на гэта прызначыў, і даўшы усім пэўнасьць, уваскрашаючы Яго з памёршых".
32 Пачуўшы пра ўваскрасеньне мёртвых, адны насьміхаліся, а іншыя казалі: "Паслухаем цябе пра гэта іншым разам".
33 І гэтак Павал пакінуў іх.
34 Некаторыя, аднак, далучыліся да яго і ўверылі, між якімі і Дыяніс Арэапагіта ды жанчына на імя Дамара, і іншыя з імі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 17 глава. Пераклад Чарняўскага 1999

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.