Библия Чарняўскі-99 Пераклад Чарняўскага 1999

Дзеі, 7 Дзеі Апосталаў, 7 глава

1 А першасьвятар спытаўся ў яго: "Ці гэта праўда?"
2 Ён жа адказаў: "Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог Славы аб'явіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі ён яшчэ жыў у Мэсапатаміі, перад тым як абжыўся ў Харане.
3 І сказаў яму тады: "Выйдзі з зямлі тваёй і ад радні тваёй, і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу".
4 Тады выйшаў з зямлі Хальдэйскай і абжыўся ў Харане. І адтуль, па сьмерці яго бацькі, перасяліў яго (Бог) у зямлю гэтую, у якой вы цяпер пражываеце,
5 і ня даў яму на ўласнасьць ані пядзі зямлі, але абяцаў даць яе на ўласнасьць яму і патомству яго па ім, хоць ня меў тады яшчэ сына.
6 Сказаў Бог так: "Патомкі твае будуць перасяленцамі ў чужой зямлі і праз чатырыста гадоў будуць зьняволены і крыўджаны.
7 І народ, у каторага будуць яны нявольнікамі, Я сам асуджу, — кажа Бог, — і пасля таго выйдуць яны і будуць служыць Мне на гэтым вось месцы".
8 Ды даў яму запавет абразаньня. І так нарадзіўся яму Ізаак, каторага абрэзаў у восьмы дзень, а Ізааку — Якуб, а Якубу — дванаццаць патрыярхаў.
9 І гэтыя патрыярхі праз зайздрасьць прадалі Язэпа ў Эгіпет; і Бог быў з ім,
10 і асвабадзіў яго ад усякіх бедаў, і даў яму ласку і мудрасьць у вачах фараона, караля Эгіпту, які прызначыў яго начальнікам над Эгіптам ды над усім сваім домам.
11 І ўвесь Эгіпет і Ханаан наведаў голад і вялікае гора, і бацькі нашыя ня мелі чаго есьці.
12 Калі Якуб даведаўся, што ў Эгіпце ёсьць збожжа, паслаў бацькоў нашых першы раз,
13 а за другім разам Язэп даўся пазнаць сваім братам, фараон жа даведаўся пра род Язэпа.
14 Дык паслаў Язэп па Якуба, бацьку свайго, ды ўсю радню ў ліку сямідзесяці пяці душ,
15 і Якуб прыйшоў ў Эгіпт, і памёр ён сам, і бацькі нашыя,
16 і перанесьлі іх у Сыхем ды палажылі ў магіле, каторую Абрагам купіў за серабро ад сыноў Гемора ў Сыхеме.
17 А, як прыбліжаўся час зьдзяйсьненьня абяцаньня, якое Бог даў Абрагаму, народ разрастаўся і размнажаўся ў Эгіпце,
18 аж запанаваў іншы кароль у Эгіпце, каторы ня ведаў Язэпа.
19 Ён пачаў падступна дзейнічаць супраць народу нашага, і прымушаў бацькоў нашых выкідваць дзяцей сваіх, каб не жылі.
20 Тады вось нарадзіўся Майсей, і быў ён мілы Богу; і тры месяцы кармілі яго ў доме бацькі.
21 А калі ён быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і ўзгадавала яго як сына.
22 І быў Майсей навучаны ўсёй мудрасьці Эгіпецкай, ды быў магутны ў словах і чынах сваіх.
23 А калі мінула яму сорак гадоў, надумаў ён адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраэля.
24 І там, убачыўшы аднаго крыўджаўнага зямляка, стануў у яго абарону і памсціўся за крыўджанага, забіўшы Эгіпцяніна.
25 Ён думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог яго рукой дае ім выбаўленьне, але яны не зразумелі.
26 Калі на другі дзень паявіўся ён між іх, калі яны біліся між сабой, ды стараўся іх пагадзіць, кажучы: "Людзі, вы ж браты; чаму крыўдзіце адзін другога?"
27 Але той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго і сказаў: "Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёю над намі?
28 Хіба і мяне хочаш забіць, як учора забіў Эгіпцяніна?"
29 Дзеля гэтых словаў Майсей уцёк ды жыў як чужынец у зямлі Мадыян, дзе нарадзіліся яму два сыны.
30 Праз сарак гадоў явіўся яму на пустыні пад гарою Сынай анёл Госпадаў у полымі агня ў кусьце.
31 Майсей жа, убачыўшы, дзівіўся з бачанага. А калі падыйшоў бліжэй, каб прыгледзецца, пачуўся голас Госпада:
32 "Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, Ізаака і Якуба". Стрывожыўся Майсей і не адважыўся глядзець.
33 І сказаў яму Госпад: "Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
34 Я глядзеў і ўбачыў прыгнёт народу Майго ў Эгіпце ды чуў стогны яго, ды зыйшоў, каб асвабадзіць яго. Дык цяпер ідзі, Я пасылаю цябе ў Эгіпет".
35 Таго вось Майсея, якога яны адракліся, кажучы: "Хто цябе паставіў начальнікам і суддзёй?", яго вось Бог паслаў як правадыра і выбаўцу рукою анёла, каторы явіўся яму ў кусьце.
36 Ён вывеў іх, чынячы цуды і знакі ў зямлі Эгіпецкай і на Чырвоным моры ды на пустыні на працягу сарака гадоў.
37 Гэты вось Майсей, што сказаў сынам Ізраэля: "Прарока як я паставіць вам Бог з-паміж братоў вашых".
38 Ён гэта ў дзень сабраньня ў пустыні быў пасярэднікам між анёлам, каторы гаварыў яму на гары Сынай, і бацькамі нашымі. Ён жа атрымаў словы жыцьця, каб пераказаць іх нам.
39 Але не хацелі яго слухаць бацькі нашыя ды адапхнулі яго і зьвярнулі сэрцы свае да Эгіпту,
40 кажучы Аарону: "Зрабі нам багоў, каторыя будуць ісьці перад намі, бо ня ведаем, што сталася з тым Майсеем, каторы вывеў нас з зямлі Эгіпецкай".
41 І зрабілі сабе цялё ў тыя дні ды склалі ахвяру ідалу, ды цешыліся з працы рук сваіх.
42 Дык Бог адвярнуўся ад іх і дазволіў, што служылі войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: "Доме Ізраэля! Ці прыносілі вы Мне ахвяры і дары на працягу сарака гадоў у пустыні?
43 І паднялі вы палатку Малоха ды зорку бога вашага Рэфана, выбражэньні, каторыя зрабілі, каб ім пакланяцца. Таму перасялю вас за Бабілён".
44 Нашыя бацькі мелі ў пустыні Палатку Сьведчаньня; Той бо, Хто гаварыў з Майсеем, загадаў збудаваць яе па ўзору, які (Майсей) бачыў.
45 І ўзялі яе нашыя бацькі і з Ёзуэ і ўнесьлі ў зямлю паганаў, каторых Бог выгнаў перад бацькамі нашымі аж да часоў Давіда,
46 які знайшоў ласку ў Бога і прасіў пабудаваць жытло для Бога Якуба.
47 А Салямон пабудаваў Яму дом.
48 Але Узвышні не жыве ў пабудовах рук людзкіх, як кажа прарок:
49 "Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца для супачынку Майго?
50 Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта?"
51 Людзі з цьвёрдым каркам, неабрэзанымі сэрцамі і вушыма! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы!
52 Каторага з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя? Пазабівалі вы і тых, каторыя прадказвалі прыход Справядлівага, якога вы выдалі і замардавалі.
53 Вы, што атрымалі закон за пасярэдніцтвам анёлаў, але не бераглі яго".
54 Пачуўшы гэта, іхнія сэрцы закіпелі гневам, і яны скрыгаталі зубамі на яго.
55 А ён, напоўнены Духам Сьвятым, глянуў у неба і ўбачыў хвалу Божую і Езуса, стоячага праваруч Айца,
56 і кажа: "Бачу неба адкрытае і Сына Чалавечага, стоячага па правіцы Бога".
57 Яны ж паднялі вялікі крык, і затыкалі вушы сабе, і кінуліся на яго аднадушна,
58 і выцягнулі яго за горад, і ўкаменавалі. І сьведкі паклалі сваё адзеньне ля ног юнака, званага Саўлам.
59 І каменавалі Сьцяпана, а ён маліўся: "Госпадзе Езусе, прыймі духа майго!"
60 А калі ўпаў на калені, закрычаў моцным голасам: "Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага". І па гэтых словах сканаў.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 7 глава. Пераклад Чарняўскага 1999

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.