1 Калі ж яны прамаўлялі да народу, падыйшлі да іх сьвятары і начальнік варты сьвятыні ды садукеі,
2 абураныя, што яны вучаць народ ды што вясьцяць у Езусе ўваскрасеньне памёршых.
3 Дык узлажылі на іх рукі і даручылі іх варце да наступнага дня, бо быў ужо вечар.
4 А многія з тых, што слухалі слова, уверылі; і лік мужчын быў каля пяці тысяч.
5 На другі дзень у Ерузаліме сабраліся іх начальнікі, старшыні і кніжнікі,
6 і першасьвятар Анна, і Каяфа, і Ян, і Аляксандар ды колькі іх было са сьвятарскага роду.
7 І паставілі іх пасярэдзіне і пыталіся: "Якою моцай ці ў чыё імя вы гэта зрабілі?"
8 Тады Пётар, напоўнены Сьвятым Духам, сказаў ім: "Правадыры народу і старшыні!
9 Калі сягоньня дзеля дабрадзейства хвораму чалавеку, праз якое ён быў аздароўлены, вы дапытваеце нас,
10 дык хай будзе ведама ўсім вам ды ўсяму народу Ізраэля, што ў імя Езуса Хрыста Назарэйца, каторага вы ўкрыжавалі і каторага Бог уваскрасіў з памёршых, праз Яго гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы.
11 Ён — камень, каторы вы, будаўнікі, адкінулі, а Ён вось стаўся галавою вугла.
12 І няма ў нікім іншым збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у каторым маглі б мы быць збаўлены".
13 Яны вось, бачачы адвагу Пятра і Яна ды даведаўшыся, што яны людзі без навукі і простыя, зьдзівіліся і пазналі іх, што яны былі з Езусам.
14 Ды бачачы стаячага з імі аздароўленага чалавека, нічога не маглі сказаць насупраць.
15 Дык загадалі ім выйсьці з залі Рады і радзіліся,
16 кажучы: "Што маем зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо ўсім жыхарам Ерузаліма ясна, што споўнены імі знак, і мы ня можам запярэчыць.
17 Але каб не разыходзілася гэта ў народзе, сурова забаронім ім, каб не прамаўлялі да нікога ў гэтае імя".
18 І зноў пазвалі іх і забаранілі ім зусім прамаўляць і навучаць у імя Езуса.
19 Аднак Пётар і Ян адказалі ім: "Судзіце самі, ці справядліва на віду Бога вас больш слухаць, чым Бога?
20 Бо мы ня можам бо мы не гаварыць пра тое, што мы бачылі і чулі".
21 Дык яны панавілі пагрозы і, не знаходзячы за што караць, выпусцілі іх дзеля народу, бо ўсе славілі Бога з прычыны таго, што сталася.
22 Бо той чалавек, з якім стаўся знак аздараўленьня, меў болей сарака гадоў.
23 Асвабоджаныя, яны прыйшлі да сваіх і абвясьцілі, што казалі ім першасьвятары і старшыні.
24 Тыя ж, выслухаўшы (аповед), аднадушна паднялі голас да Бога і маліліся: "Госпадзе, Ты, што стварыў неба і зямлю, і мора, ды ўсё, што ёсьць на іх.
25 Ты праз Духа Сьвятога сказаў вуснамі Давіда, слугі твайго: "Чаго бунтуюцца народы, ды людзі задумалі ліхое?
26 Паўсталі каралі зямлі ды князі зыйшліся ў адно супраць Госпада і супраць памазанца Яго".
27 Бо сапраўды зыйшліся ў гэтым горадзе супраць сьвятога Слугі Твайго Езуса, каторага Ты намасьціў, Герод і Понці Пілат з паганамі ды народам Ізраэля,
28 каб зьдзейсьніць тое, што рука і рада Твая прызначылі стацца.
29 І цяпер, Госпадзе, зьвярні вочы на пагрозы іхнія ды дай слугам Тваім з усёю адвагай вясьціць слова Тваё,
30 ды працягні руку Тваю, каб аздараўляць, і чыніць знакі і цуды праз імя сьвятога Слугі Твайго Езуса".
31 І калі яны памаліліся, задрыжэла месца, на якім былі яны сабраўшыся, ды ўсе былі напоўнены Духам Сьвятым і вясьцілі Слова Божае адважна.
32 І адзін дух ды адно сэрца ажыўлялі ўсіх веручых; што мелі, ні адзін не называў сваім, бо ўсё ў іх было супольнае.
33 І апосталы з вялікай сілай сьведчылі пра ўваскарасеньне Госпада Езуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.
34 І не было між іх нікога ў недастатку, бо кожны ўласьнік зямлі або дому прадаваў іх ды прыносіў атрыманыя грошы,
35 ды складаў ля ног апосталаў, і дзялілі іх між тых, што мелі патрэбу.
36 Язэп жа, празваны апосталамі Барнабай, што значыць Сын пацяшэньня, левіт, родам з Кіпру,
37 меўшы палетак зямлі, прадаў яго і прынёс грошы, і паклаў ля ног апосталаў.