1 Бо ўсякі першасьвятар з людзей бярэцца і для людзей стаўляецца ў тых справах, якія адносяцца да Бога, каб складаў дары і ахвяры за грахі,
2 каб мог спачуваць тым, што ня ведаюць, або заблукалі, бо ён і сам адчувае кволасьць,
3 і таму павінен нейкім чынам як за народ, так і за сябе самога складаць ахвяры за грахі.
4 Ніхто сам сабе ня возьме гэтай дастойнасьці, але той, хто пакліканы Богам, як Аарон.
5 Так і Хрыстос ня сам сябе ўславіў дастойнасьцю стацца Першасьвятаром, але Той, які сказаў Яму: "Ты — Сын Мой, Я сёньня спарадзіў Цябе",
6 як падобна ў іншым месцы Ён кажа: "Ты — сьвятар навекі на ўзор Мэльхісэдэха".
7 Ён у дні (жыцьця) цела свайго моцным голасам і са сьлязьмі прыносіў малітвы і просьбы свае Таму, каторы мог захаваць Яго ад сьмерці, і выслуханы быў дзеля сваёй богаадданасьці.
8 І вось, хоць быў Сынам, навучыўся з таго, што перацярпеў, паслухмянасьці,
9 і выканаўшы (усё), стаўся ўсім слухаючым Яго прычынай збаўленьня вечнага,
10 названы Богам Першасьвятаром на ўзор Мэльхісэдэха.
11 Пра Яго многа нам трэба было б гаварыць, але цяжка выясьніць гэта, бо сталіся вы няздольнымі слухаць.
12 Адносна часу вы павінны б быць настаўнікамі, а вось вы зноў патрабуеце, каб хто вас вучыў пачаткам словаў Божых, і вы такія, што вам малако належыцца, а не цяжкая страва.
13 Кожны з вас хто корміцца малаком, нясьведамы слова справядлівасьці, бо ён — дзіцятка.
14 Для дарослых жа цяжкая страва, бо яны праз ужываньне маюць розум, каб разабрацца што добрае, а што благое.